BE RU EN

Дапамога Украіне: ЕЗ «стаіў дыханне»

  • 5.11.2024, 20:02

Еўразвяз чакае вынікаў выбараў у ЗША, каб вызначыць сваю лінію далейшай падтрымкі Украіны.

Еўрапейскі Звяз «стаіў дыханне» і чакае вынікаў выбараў у ЗША, пасля чаго яго пазіцыя ў дачыненні да далейшай дапамогі Украіне стане зразумелай. Пра гэта высокапастаўлены чыноўнік ЕЗ на ўмовах ананімнасці расказаў журналістам на брыфінгу ў Брусэлі ў аўторак, 5 лістапада, паведамляе DW.

ЕЗ спадзяецца, што пазіцыя Злучаных Штатаў у гэтым пытанні таксама будзе дакладнай. У выпадку перамогі кандыдата ў прэзідэнты ад рэспубліканцаў Дональда Трампа і ягонай патэнцыйнай пастановы спыніць дапамогу Украіне, якая адбівае расейскую ваенную агрэсію, «лінія ЕЗ застанецца ранейшай – падтрымліваць Украіну». «Але ці будуць усе 27 чальцоў Еўразвязу прадаўжаць гэтую лінію – іншае пытанне», – указаў чыноўнік.

Ён нагадаў, што з пачатку поўнамаштабнага расейскага ўварвання ЕЗ удавалася захаваць адзінства ў гэтым пытанні, аднак аднагалоснасці ў блоку няма. Размова ідзе, сярод іншага, пра Вугоршчыну, якая блакуе пастановы Еўразвязу пра вылучэнне дапамогі Кіеву і выступае з рознымі аднабаковымі ініцыятывамі, не ўзгодненымі з Брусэлем і іншымі краінамі ЕЗ.

Еўрапейскія лідары збяруцца ў Вугоршчыне

Між тым менавіта Вугоршчына як дзяржава, якая старшынюе ў гэтым паўгоддзі ў Радзе ЕЗ, 7 лістапада праводзіць саміт Еўрапейскай палітычнай супольнасці, куды запрошанае і ўкраінскае кіраўніцтва. Высокапастаўлены чыноўнік у Брусэлі падкрэсліў, што тэма вайны ва Украіне будзе адной з галоўных на сустрэчы, паколькі «важна захоўваць яе ў цэнтры ўвагі», асабліва калі ўвесь кантынент збіраецца разам.

Калі ў Вашынгтоне пастановяць больш не падтрымліваць Кіеў, гэта не абавязкова будзе азначаць, што Еўропа пойдзе тым самым шляхам, – наадварот, яна можа пастанавіць павялічыць сваю дапамогу, мяркуюць у Брусэлі. Нават калі ЗША, як некаторыя мяркуюць, пачнуць размаўляць з Расеяй праз галаву ўкраінцаў, «не ўпэўнены, што гэта пераканае іншых рабіць тое самае», сказаў высокапастаўлены чыноўнік.

Пакуль жа ў тым, што тычыцца «плану перамогі» прэзідэнта Украіны Уладзіміра Зяленскага, прапанаванага ім у кастрычніку ў сталіцы ЕЗ і штаб-кватэры NATO, лідары краінаў Еўразвязу «выяўляюць асцярожнасць», паведаміў ягоны прадстаўнік.

Саміт Еўрапейскай палітычнай супольнасці будзе праводзіцца пяты раз. У ЕЗ гэты фармат уважаюць за важны, паколькі ён дазваляе прадстаўнікам еўрапейскіх дзяржаваў не толькі сустракацца адна з адной ў рамках ААН і NATO, а таксама мець зносіны ў менш афіцыйнай абстаноўцы і праводзіць двухбаковыя сустрэчы.

Апошнія навіны