Выбары прэзідэнта пачаліся ва ўсіх амерыканскіх штатах
- 5.11.2024, 20:25
Трамп і Гарыс упэўненыя ў перамозе.
Ва ўсіх амерыканскіх штатах адчыніліся выбарчыя ўчасткі на выбарах прэзідэнта краіны: а 20-й паводле Менска пачалі працу ўчасткі на Алясцы.
Першы ў ЗША ўчастак адчыніўся ў пасёлку Дыксвіл-Нотч у штаце Нью-Гэмпшыр, там галасавалі ўсяго шэсць чалавек. Вынікі абвясцілі амаль адразу, кандыдат ад рэспубліканцаў Дональд Трамп і дэмакратка Камала Гарыс набралі роўную колькасць галасоў – кожны тры.
Участак у Дыксвіл-Нотч працаваў з 8-й паводле Менска, з 12-й паводле Менска месцы для галасавання сталі адчыняць для выбарнікаў у штаце Вермонт.
Трамп ужо прагаласаваў у Флорыдзе. Дэмакратка Камала Гарыс прагаласавала датэрмінова поштай 4 кастрычніка.
Дональд Трамп зрабіў заяву ў дзень выбараў. Ён упэўнены ў сваёй перамозе. Паводле ягоных словаў, на выбарах энтузіязм выбарнікаў зашкальвае. І гэта значыць, што чэргі на ўчастках будуць доўгімі.
«Мне трэба, каб вы аддалі свой голас, колькі б часу гэта ні заняло. Заставайцеся ў чарзе! Радыкальныя камуністы-дэмакраты хочуць, каб вы сабралі рэчы і скіраваліся дадому. Разам мы атрымаем вялікую перамогу і зноў зробім Амерыку вялікай», – дадаў ён, звяртаючыся да сваіх прыхільнікаў.
Сваю апошнюю прамову Гарыс вымавіла ў Філадэльфіі – самым вялікім горадзе найважнейшага нявызначанага штата Пенсільванія. Яна заявіла, што яе кампанія «аб'яднала самых розных людзей з кожнага кутка нашай краіны».
«Мы змагаемся не супраць чагосьці, а за. Сёння мы заканчваем гэтак сама, як пачыналі: з энэргіяй, аптымізмам і радасцю», – сказала Гарыс сваім прыхільнікам.
Асабліва важнай для яе з'яўляецца падтрымка маладых выбарнікаў, і менавіта да іх яна звярнулася падчас выступу: «Вам асабліва я хачу сказаць, што бачу вашу сілу, і вельмі вамі ганаруся».
На выбарах у ЗША, акрамя прэзідэнта, будуць абраныя траціна Сената і ўся Палата прадстаўнікоў амерыканскага кангрэса, а таксама губернатары 11 штатаў і дзвюх тэрыторый.
За пасаду прэзідэнта краіны змагаюцца кандыдат ад Рэспубліканскай партыі, былы амерыканскі лідар і бізнэсмэн Дональд Трамп. Ягоная апанентка – цяперашняя віцэ-прэзідэнтка краіны Камала Гарыс, якая змяніла дэмакрата, які выбыў з гонкі, і кіраўніка дзяржавы Джо Байдэна.
Гарыс стала першай жанчынай на пасадзе віцэ-прэзідэнта, а таксама першым цемнаскурым палітыкам на гэтай пасадзе ў гісторыі ЗША. У мінулым яна была генпракуроркай Каліфорніі, а таксама прадстаўляла гэты штат у сенаце.
Інаўгурацыя новага прэзідэнта ЗША пройдзе 20 студзеня 2025 года. Калі на выбарах пераможа Трамп, ён стане самым пажылым на момант абрання прэзідэнтам (78 гадоў, сем месяцаў і шэсць дзён). Цяпер за самага старога ўважаецца Байдэн, на момант уступлення на пасаду яму было 78 гадоў і два месяцы.