Японія выправіла ў космас першы ў свеце драўляны спадарожнік
- 5.11.2024, 21:02
Экалагічны спадарожнік будзе знаходзіцца на арбіце цягам шасці месяцаў.
Першы ў свеце драўляны спадарожнік, пабудаваны японскімі даследнікамі, быў запушчаны ў космас 5 лістапада ў рамках ранняга выпрабавання выкарыстання драўніны пры даследаванні Месяца і Марса. Пра гэта паведамляе Reuters.
Апарат LignoSat, распрацаваны Кіёцкім універсітэтам і жыллёва-будаўнічай кампаніяй Sumitomo Forestry, будзе дастаўлены на Міжнародную касмічную станцыю ў рамках місіі SpaceX, а потым выведзены на арбіту на вышыні блізу 400 км над Зямлёй. Спадарожнік памерам з далонь закліканы прадэманстраваць касмічны патэнцыял аднаўляльнага матэрыялу.
Пасля разгортвання LignoSat будзе знаходзіцца на арбіце цягам шасці месяцаў, а электронныя кампаненты на ягоным борце будуць вымяраць, як драўніна вытрымлівае экстрэмальныя ўмовы космасу, дзе тэмпература вагаецца ад -100 да +100℃ кожныя 45 хвілін, пакуль спадарожнік рухаецца па арбіце з цемры да сонечнага святла.
Прафесар лясной гаспадаркі Кіёцкага ўніверсітэта Кодзі Мурата адзначыў, што ў пачатку 1900-х гадоў самалёты рабілі з дрэва, так што магчымы і драўляны спадарожнік. Паводле ягоных словаў, у космасе драўніна больш даўгавечная, чым на Зямлі, паколькі там няма вады і кіслароду, якія маглі б яе згнаіць або запаліць.
Даследнікі сцвярджаюць, што драўляны спадарожнік таксама мінімізуе ўздзеянне на навакольнае асяроддзе ў канцы свайго тэрміну службы. Звычайныя металічныя спадарожнікі пры вывадзе ў атмасферу пасля сканчэння тэрміну службы ствараюць часціцы аксіду алюмінію падчас вяртання, але драўляныя проста згараць з меншым забруджваннем атмасферы Зямлі.