Прэзідэнт Польшчы павіншаваў Трампа з перамогай на выбарах у ЗША
- 6.11.2024, 12:01
Разам з іншымі лідарамі краін ЕЗ і NATO.
Лідары еўрапейскіх краін пачалі віншаваць кандыдата Рэспубліканскай партыі Дональда Трампа з перамогай на прэзідэнцкіх выбарах у ЗША.
Сваё віншаванне і прывітанне апублікаваў прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда.
Прэзідэнт Францыі Эманюэль Макрон павіншаваў Трампа з перамогай і адзначыў, што гатовы супрацоўнічаць з ім, як і пры яго папярэдняй кадэнцыі, "з павагай і амбіцыямі, дзеля міру і росквіту".
Прэм'ер Італіі Джорджыя Мелоні выказала віншаванні Трампу, адзначыўшы, што Італія і ЗША - "сястрынскія" краіны, аб'яднаныя агульнымі каштоўнасцямі і гістарычным сяброўствам. "Гэта стратэгічная сувязь, якую я, перакананая, мы зараз узмоцнім яшчэ больш", – заявіла Мелоні.
Літоўскі прэзідэнт Гітанас Наўседа ў сваім прывітанні Трампу адзначыў, што ЗША - ключавы стратэгічны хаўруснік для Літвы.
"Літва зараз выдзяляе на абарону 3,5% ВУП і працягне павялічваць свае інвестыцыі. Трансатлантычнае адзінства надзвычай важнае", - падкрэсліў Науседа.
Прэзідэнт Латвіі Эдгарс Рынкевічс павіншаваў Трампа як абранага прэзідэнта і адзначыў, што чакае супрацоўніцтва для ўзмацнення двухбаковых дачыненняў і стратэгічнага партнёрства.
"Еўропе патрэбныя моцныя ЗША, а ЗША - моцная Еўропа. Латвія ёсць і будзе моцным і надзейным партнёрам Злучаных Штатаў", - адзначыў ён.
Да віншаванняў далучыўся і генеральны сакратар NATO Марк Рутэ, ён напісаў, што толькі што павіншаваў Дональда Трампа з абраннем.
"Яго лідарства зноў будзе мець ключавую ролю для таго, каб захоўваць наш Альянс моцным. Чакаю зноў працаваць з ім для прасоўвання міру праз моц у NATO", - напісаў Рутэ.