Зяленскі: Патрэбная канцэпцыя «мір праз сілу», а не саступкі Пуціну
- 7.11.2024, 16:19
Прэзідэнт Украіны выступіў на саміце Еўрапейскай палітычнай супольнасці ў Будапешце.
Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі заявіў, што для Украіны непрымальная думка аб нейкіх саступках Расеі, ён уважае гэта за самагубства для ўсёй Еўропы.
Пра гэта ішла размова падчас выступу прэзідэнта на саміце Еўрапейскай палітычнай супольнасці ў Будапешце, паведамляе «Еўрапейская праўда».
Са слоў Зяленскага, з часу папярэдняй сустрэчы ў гэтым фармаце пазіцыя Расеі значна ўзмацнілася, бо Паўночная Карэя зараз, фактычна, вядзе вайну ў Еўропе.
Прэзідэнт успомніў, што пасля саміту Еўрапейскай палітычнай супольнасці ў Брытаніі ў ліпені было шмат размоў аб неабходнасці саступіць Пуціну.
«І некаторыя з прысутных тут рашуча выступалі за тое, каб Украіна пайшла на «саступкі» Пуціну. Гэта непрымальна для Украіны і самагубства для ўсёй Еўропы. І што далей?
Ці павінна Еўропа шукаць прыхільнасці Кім Чэн Ына ў надзеі, што ён таксама пакіне Еўропу ў спакоі? Ніводны моцны лідар, які дапамог пабудаваць аб'яднаную, моцную і мірную Еўропу, не мог бы нават уявіць сабе гэта», – заявіў Зяленскі.
У той жа час, з яго слоў, канцэпцыя «мір праз сілу» ўжо не раз даводзіла сваю рэалістычнасць і эфектыўнасць.
«Цяпер яна патрэбная яшчэ раз. І не павінна быць ілюзій, што, праявіўшы слабасць або здаўшы нейкія еўрапейскія пазіцыі ці пазіцыі кожнай еўрапейскай краіны, можна купіць справядлівы мір», - падкрэсліў ён.