У Менску прадаецца саляная пячора
- 7.11.2024, 20:49
Журналісты даведаліся, колькі яна каштуе.
На гандлёвай пляцоўцы, дзе прапануюць гатовы бізнэс, з'явілася аб'ява пра продаж салянай пячоры ў Менску. У аб'яве гаворыцца, што бізнэс прыбытковы і пячора паспяхова працуе ўжо цягам 6 гадоў.
Журналісты smartpress.by звязаліся з прадстаўніком прадаўца, каб даведацца дэталі прапановы. Ім адказалі, што ўласнік не хоча афішаваць факт продажу бізнэсу.
«Датычна гэтага аб'екта, на жаль, не. У адкрытую не кожны прадавец хоча афішаваць такую інфармацыю», – паведаміў суразмоўца.
З аб'явы не зразумела, саляная пячора – гэта асобны аб'ект або памяшканне ў якім-небудзь, напрыклад, ГЦ. Указана, што плошча пячоры 70 квадратных метраў. За аб'ект просяць $27000 (Br89100).
У аб'яве таксама ўдакладняецца, што ў прыбытковай салянай пячоры «паблізу няма канкурэнтаў», што за 6 гадоў напрацаваная база сталых кліентаў, а новаму ўладальніку «прапануюць суправаджэнне на старце». Прадавец сцвярджае, што сярэдняя выручка складае Br11000–15000.