Аўтар ідэі адключыць Расею ад SWIFT можа ўзначаліць Дзярждэп пры Трампе
- 7.11.2024, 21:13
Ён называў Пуціна «бандытам» і «галаварэзам».
Дональд Трамп, які перамог на прэзідэнцкіх выбарах, разглядае ў якасці кандыдата на пасаду кіраўніка Дзярждэпартамента сенатара ад Флорыды Марка Рубіа. Пра гэта паведамляе Politico са спасылкай на супрацоўніка Кангрэса, які прысутнічаў на сустрэчы чальцоў перадвыбарчага штаба Трампа з кангрэсмэнамі-кансерватарамі.
53-гадовы Рубіа, які з'яўляецца чальцом Сената з 2011 года, быў аўтарам шматлікіх санкцыйных ініцыятываў у дачыненні да Расеі. Яшчэ ў 2014 годзе, пасля анэксіі Крыма, ён патрабаваў адключэння расейскіх банкаў ад SWIFT, а потым вылучаў аналагічныя ідэі ў студзені 2022 года, напярэдадні ўварвання ва Украіну. Рубіа таксама быў ініцыятарам персанальных санкцый супраць Пуціна і іншых высокапастаўленых расейскіх чыноўнікаў. У 2015 годзе ён называў Пуціна «бандытам» і «галаварэзам» і настойваў на дыпламатычнай ізаляцыі Расеі.
Пасля выбараў Рубіа, які займае пасаду намесніка старшыні камітэта Сената ў справах выведкі, заявіў, што вайна ва Украіне зайшла «ў тупік». «Украінцы былі неверагодна адважныя і моцныя. Але ў канчатковым рахунку тое, што мы фінансуем – гэта тупіковая вайна, якой час пакласці канец», – адзначыў ён. Пры гэтым, паводле словаў Рубіа, «не абавязкова быць прыхільнікам Пуціна, каб хацець заканчэння вайны».