BE RU EN

Трамп у Белым доме і працяг падтрымкі Украіны - галоўныя тэмы еўрапейскага саміту ў Будапешце

  • 8.11.2024, 10:56

Перад ЕЗ стаяць няпростыя задачы.

Перавыбранне Дональда Трампа на пасаду прэзідэнта ЗША стала адной з галоўных тэм абмеркавання на саміце еўрапейскіх лідараў у Будапешце. Падчас ягонага першага прэзідэнцкага тэрміну стасункі паміж Вашынгтонам і ЕЗ значна абвастрыліся, і цяпер у Брусэлі спрабуюць прадбачыць, чаго чакаць ад яго ў далейшым, піша ВВС.

Падчас свайго знаходжання ў Белым доме Трамп абвінавачваў еўрапейскіх партнёраў у тым, што яны недастаткова робяць для ўласнай бяспекі, занадта спадзеючыся на ЗША.

Ён таксама абвінавачваў Брусель у стварэнні перашкод для росту тавараабароту паміж ЗША і Еўропай. Асабліва Трамп злаваўся на Нямеччыну і канцлерку таго перыяду Ангелу Мэркель.

Са слоў шматлікіх еўрапейскіх лідараў, Дональд Трамп непрадказальны, што робіць супрацоўніцтва з ім няпростым. Цяпер у Еўропе асцерагаюцца, што новы прэзідэнт ЗША можа змяніць курс амерыканскай замежнай палітыкі ў дачыненні да Украіны і еўрапейскіх партнёраў з NATO.

Фота: AFP

Гэта пяты саміт Еўрапейскай палітычнай супольнасці (ЕPC), якая была заснавана ў 2022 годзе ў адказ на поўнамаштабнае ўварванне Расеі ва Украіну.

Ён праходзіць пры ўдзеле 47 дзяржаў, у тым ліку Украіны, Грузіі, Малдовы, Арменіі і Азербайджана.

Для прэзідэнта Украіны Уладзіміра Зяленскага гэта першы візіт у Вугоршчыну з пачатку вайны. Ён заклікаў удзельнікаў саміту не ісці на саступкі Расеі ні пры якіх умовах.

«Некаторыя з прысутных тут смела выступалі за тое, каб Украіна пайшла на саступкі Пуціну. Гэта непрымальна для Украіны і самагубства для ўсёй Еўропы. І што далей? Ці павінна Еўропа шукаць добразычлівасці Кім Чэн Ына ў надзеі, што ён таксама пакіне Еўропу ў спакоі?», - сказаў Зяленскі (цытата з «Еўрапейскай праўды»).

У апошнія тыдні з'явіліся паведамленні аб перакідцы паўночнакарэйскіх вайскоўцаў у Расню для ўдзелу ў вайне з Украінай.

У аўторак міністр абароны Украіны Рустэм Умераў пацвердзіў паведамленні аб невялікіх боесутыкненнях украінскіх вайскоўцаў з паўночнакарэйскімі ў Курскай вобласці Расеі.

Фота: AFP

Гаворачы аб тых, хто заклікаў да дыялогу з Уладзімірам Пуціным, украінскі прэзідэнт, магчыма, меў на ўвазе вугорскага прэм'ер-міністра Віктара Орбана.

Старшыня саміту Орбан ўважаецца за аднаго з нямногіх еўрапейскіх сяброў Уладзіміра Пуціна і палітычнага хаўрусніка Трампа.

З прыходам Трампа ў Белы дом і атрыманнем рэспубліканцамі большасці ў Сенаце лідары краін ЕЗ асцерагаюцца, што ЗША могуць скараціць аб'ёмы дапамогі Украіне ці паспрабаваць прымусіць яе да перамоў з Масквой.

Дональд Трамп раней заяўляў, што пакладзе канец вайне ў першы ж дзень пасля прыходу да ўлады. Гэта ці наўрад здзяйсняльна, але ўкраінскі парадак дня несумненна будзе стаяць высока ў позве Вашынгтона.

Еўрапейскія лідары неаднаразова казалі, што будуць дапамагаць Украіне столькі, колькі спатрэбіцца. Прэзідэнт Францыі Эмануэль Макрон заявіў у Будапешце, што не дапусціць перамогі Расеі ва Украіне - у інтарэсах бяспекі ўсёй Еўропы.

Апошнія навіны