У Амстэрдаме пасля нападу на футбольных заўзятараў з Ізраіля затрымалі 57 чалавек
- 8.11.2024, 12:23
З'явіліся новыя кадры і падрабязнасці.
Паліцыя ў Амстэрдаме затрымала 57 чалавек пасля маштабнага нападу на ізраільскіх футбольных заўзятараў на матчы "Аякса" супраць "Макабі", у выніку чаго пацярпелі мінімум дзесяць чалавек, піша агенцтва Reuters у пятніцу, 8 лістапада.
Са звестак паліцыі Нідэрландаў, прапалестынскія дэманстранты спрабавалі дабрацца да стадыёна імя Ёхана Кройфа, хоць горад забараніў ім праводзіць там пратэсты.
У Сеціве з'явіліся відэа, на якіх бачна, што натоўпы бягуць па вуліцах і жорстка збіваюць мужчын. Некаторыя нападнікі былі ў масках, крычалі «Свабодная Палестына» і прымушалі ізраільцянаў паўтараць за імі.
На кадрах бачна, як пацярпелых пасля нападу пакідаюць ляжаць на зямлі. Таксама ў Сеціве з'явіліся кадры пашпартоў, якія нібы былі скрадзеныя ў ізраільцян.
Усяго вядома пра дзесяцярых пацярпелых грамадзян Ізраіля. Яшчэ тры чалавекі прапалі без вестак, паведамілі ў МЗС Нідэрландаў, піша Times of Israel.
Прэм'ер-міністр Ізраіля Біньямін Нетаньяху загадаў неадкладна адправіць у Амстэрдам два выратавальныя самалёты пасля "вельмі жорсткага інцыдэнту", накіраванага супраць ізраільскіх грамадзян.
Міністэрства нацыянальнай бяспекі Ізраіля настойліва заклікала грамадзян галандскага горада заставацца ў сваіх гатэльных нумарах пасля атак.
Напады на грамадзян Ізраіля адбыліся пасля футбольнага матча, у якім амстэрдамскі "Аякс", які традыцыйна ўважаецца за габрэйскі клуб, перамог тэль-авіўскі Макабі з лікам 5:0. Паліцыя паведаміла, што заўзятары спакойна пакінулі стадыён, аднак уночы ў горадзе пачаліся сутыкненні.