The Guardian: Байцоў УСУ не надта турбуюць атакі салдат КНДР
- 8.11.2024, 15:40
У Курскай вобласці ўкраінскія байцы дабіліся большага, чым хацелі або чакалі.
Байцы ўкраінскіх узброеных сіл, якія ўтрымліваюць тэрыторыі ў Курскай вобласці РФ, гатовыя да магчымага супрацьстаяння з паўночнакарэйскімі салдатамі і не асабліва занепакоеныя узроўнем гэтай пагрозы.
Як распавёў The Guardian (пераклад - «Уніян») адзін з салдатаў, Віталь Аўчарэнка, ён ужо вывучае карэйскую мову.
«Я вывучыў некалькі фраз. Гэта: «Рукі ўверх, кіньце зброю і павольна ідзіце да нас». А яшчэ: «Скіньце бронекамізэльку і каску», распавёў ён.
На гэтым тыдні паведамлялася, што паўночнакарэйскія салдаты ўжо змагаюцца пад Суджай і ўступілі ў сутыкненне з байцамі УСУ. Які будзе іх уплыў на поле бою, пакуль незразумела, аднак украінскіх жаўнераў гэта, здаецца, не турбуе, адзначае The Guardian.
«Мы не ведаем, як Масква будзе іх навучаць ці размаўляць з імі. Гэта могуць быць фанатычныя прафесіяналы з таталітарнымі душамі. Або хлопцы без досведу з іншага кантынента. У кожным выпадку, мы гатовыя да пагрозы. Яны проста будуць бескарысна паміраць», - кажа Аўчарэнка.
Як піша The Guardian, украінскія вайскоўцы ў Расеі жартуюць, што той, хто захопіць першага паўночнакарэйскага вайскоўца, будзе ўзнагароджаны скрыняй шампанскага.
«Напраўду мы будзем перадаваць паўночнакарэйцаў кампетэнтным органам», - кажа Аўчарэнка.
Аўчарэнка сказаў, што, на ягоную думку, расейцы ў Суджы наўрад ці сталі б хаваць параненых замежных салдат. «Тут пануе неверагодны расізм. Мяне гэта вельмі шакуе», - сказаў ён.
На ягоную думку, Курскі рэйд быў паспяховым, нягледзячы на непажаданае прыбыццё чатырох паўночнакарэйскіх брыгад і першыя сутыкненні.
«Мы дабіліся большага, чым хацелі ці чакалі. На вайне не ўсё так проста. Але ў цэлым мы настроеныя пазітыўна», - кажа ён.