«Пуцін саступіў, ён спадзяваўся на хаос у ЗША»
- 8.11.2024, 16:27
У Маскве жалоба.
У Крамлі разлічвалі на палітычны крызіс і ўзнікненне грамадзянскага супрацьстаяння пасля выбараў у Злучаных Штатах Амерыкі, што аслабіла б пазіцыі ізноў абранага прэзідэнта. Пра гэта распавёў кіроўны партнёр украінскай Нацыянальнай антыкрызіснай групы Тарас Загародні.
Вынікі мінулых выбараў у ЗША не давалі якой-небудзь магчымасці аспрэчваць іх вынікі, кандыдатка ад Дэмакратычнай партыі Камала Гарыс павіншавала з перамогай Дональда Трампа. Гэта выклікала відавочнае расчараванне ў Маскве, дзе спадзяваліся на іншы вынік, заўважыў эксперт.
- Гэта выклікала жалобу ў Маскве. Паколькі яны спадзяваліся на супрацьстаянне, яны спадзяваліся на тое, што прэзідэнт, які ўрэшце пераможа ў судовых цяжбах, а магчыма дзякуючы нейкаму грамадзянскаму супрацьстаянню, будзе ўнутрана аслаблены. Нічога не атрымалася. Трамп пераканаўча перамагае, спакойна ідзе перадача ўлады, - адзначыў Загародні.
З яго слоў, Дональд Трамп пасля перамогі на выбарах дастаткова актыўна ўключыўся ў палітычнае жыццё, у тым ліку і ў міжнароднае.
- Трамп ужо актыўна ўключыўся ў фактычную працу, з Зяленскім пагаварыў, патэлефанаваў у Паўднёвую Карэю, пацікавіўся пытаннем прысутнасці паўночнакарэйскіх салдат ва Украіне і шматлікае іншае. Гэта значыць, ён ужо дастаткова актыўна працуе, - сказаў эксперт.
На перакананне Загародняга, у палітычнай культуры ЗША склалася традыцыя таго, што новаабраны прэзідэнт не ўмешваецца ў існыя справы ранейшай адміністрацыі.
- Усё будзе вельмі спакойна, гэта ўжо зараз зразумела. Байдэн будзе спрабаваць нейкія пастановы прасоўваць, якія ён уважае за неабходныя. Не выключана, што ў іх могуць быць дэбаты, звязаныя з бюджэтам ЗША. Я думаю, усё будзе спакойна, без якіх-небудзь скандалаў, - адзначыў палітычны кансультант.
Загародні заўважыў, што ранейшая адміністрацыя цалкам можа рэагаваць на нейкія крызісныя моманты.
- Хаця я б чакаў ад цяперашняй адміністрацыі Байдэна рэакцыю на з'яўленне паўночнакарэйскіх салдат на тэрыторыі Расеі. Гэта яўная эскалацыя. Павінна быць нейкая больш жорсткая рэакцыя. Напрыклад, даць магчымасць Украіне біць па тэрыторыі Расейскай Федэрацыі, - сказаў ён.
Выбары адбываліся і ў абедзве палаты Кангрэса ЗША, на іх Рэспубліканская партыя таксама атрымала перамогу - у Сенаце яны атрымалі 53 галасы супраць 52 у дэмакратаў. Пасля давыбараў у Палату прадстаўнікоў рэспубліканцы таксама атрымалі большасць, 211 месцаў.
- У Сенаце ім (рэспубліканцам - рэд.) бракуе галасоў для пераканаўчага агульнага дамінавання, бо некаторыя пастановы ў Сенаце патрабуюць 60 галасоў. У кожным выпадку, вядома ж, ім значна лягчэй прасоўваць усе свае пас тановы. Вядома ж, будзе ўзаемадзеянне з Дэмакратычнай партыяй, ад гэтага нікуды не падзецца. Думаю, што гэтая сітуацыя працягнецца мінімум два гады, да перавыбараў у Палату прадстаўнікоў, - пракаментаваў Загародні.
Эксперт указаў на важнасць размовы паміж прэзідэнтам Украіны Уладзімірам Зяленскім і Дональдам Трампам. Акрамя таго, у паведамленні ў сацсетцы Х Зяленскі заявіў, што ён шануе «прыхільнасць прэзідэнта Трампа да падыходу «мір праз сілу» ў глабальных справах». На яго думку, менавіта гэты прынцып рэальна наблізіць справядлівы мір ва Украіне.
- Добра, што адбылася размова Зяленскага з Трампам. Галоўнае, што ўсё ж такі кантакт адбыўся. Зяленскі, я думаю, недвухсэнсоўна намякнуў у сваім паведамленні аб тым, што нейкія вусныя размовы былі. Думаю, што Зяленскі знайшоў падыход да Трампа, і ён на нешта намякае. Калі ты абяцаў, то прытрымлівайся сваіх абяцанняў. Можа, звязанае з «мірам праз сілу», што, у прынцыпе, Украіну задавальняе, - адзначыў паліткансультант.
Таксама Загародні пракаментаваў запозненую заяву Уладзіміра Пуціна аб перамозе Трампа на выбарах, у якой той назваў Трампа «мужным чалавекам» і захапляўся паводзінамі палітыка падчас замаху на яго. Аднак асабіста павіншаваць Трампа Пуцін не наважыўся.
«Пуціна ўвогуле няма сэнсу каментаваць, бо Пуцін саступіў. Пуцін саступіў у гэтым годзе, бо ён планаваў зусім іншую сітуацыю на 6 лістапада. Ён спадзяваўся, што будуць выбары ў Еўропе, там знясуць шмат урадаў, шмат будзе ўльтраправых і яны сарвуць дапамогу Украіне. Ён спадзяваўся захапіць Харкаў. Спадзяваўся практычна выйсці на межы Днепрапятроўскай вобласці, пачынаць ужо там аперацыі. Нічога не здарылася. Яны спадзяваліся на супрацьстаянне ў ЗША. Таксама нічога не адбылося. Ён пабойваецца Трампа, бо ведае, што ў яго цяжкая рука, і ён можа яго забіць. Я думаю, што Пуцін яшчэ не тэлефануе папярэдне, бо спадзяецца на нейкія на Данбасе прасоўванні, нейкія яшчэ катаклізмы. Ён разумее, што цяпер яго званок - гэта праява слабасці», - сказаў на заканчэнне Загародні.