Мінюст ЗША абвінаваціў іранскага агента ў падрыхтоўцы забойства Трампа
- 8.11.2024, 21:26
Падрабязнасці.
У ЗША траіх мужчынаў падазраюць у верагоднай змове ў падрыхтоўцы забойства будучага прэзідэнта ЗША Дональда Трампа і амерыканскага журналіста іранскага паходжання. Пра гэта паведаміў Мінюст ЗША ў пятніцу, 8 лістапада.
Як сцвярджаюць у амерыканскай установе, іранскі агент – 51-гадовы Фархад Шакеры наняў некалькіх суўдзельнікаў у Нью-Ёрку. У справе, сярод іншых, фігуруюць Шакеры, які цяпер знаходзіцца на волі і 49-гадовы Карлайл Рывера і 36-гадовы Джонатон Лоўдголт – амерыканцы, якіх узялі пад варту напярэдадні.
Як паведамляе агенцтва AP, амерыканскія агенты ФБР даведаліся пра змову з мэтай забойства Трампа падчас інтэрв'ю з Шакеры. Ён грамадзянін Афганістана, якога афіцыйныя асобы называлі агентам іранскага ўраду. Шакеры быў дэпартаваны з ЗША пасля зняволення паводле абвінавачання ў рабаванні.
Мужчына расказаў следчым, што ў верасні 2023 года невядомы ў іранскай ваенізаванай арганізацыі Рэвалюцыйная гвардыя даручыў яму цягам сямі дзён распрацаваць план сачэння і забойства Трампа.
8 лістапада таксама былі арыштаваныя двое іншых мужчынаў, якія, паводле звестак уладаў ЗША, былі завербаваныя для ўдзелу ў іншых забойствах, у тым ліку вядомага амерыканскага журналіста іранскага паходжання.