Гінтаўтас Палуцкас: Беларусы дапамагаюць эканоміцы Літвы расці
- 8.11.2024, 23:44
Верагодны будучы прэм'ер-міністр Літвы выказаўся пра беларускую дыяспару.
Гінтаўтас Палуцкас – кандыдат на пасаду кіраўніка ўраду Літвы ад Сацыял-дэмакратычнай партыі, якая перамагла на нядаўніх парламенцкіх выбарах, выказаў свае думкі тэлеканалу «Nowdays» пра прапановы ўзмацніць жорсткасць правілаў знаходжання і натуралізацыі для выхадцаў з Беларусі ў Літве, піша «Радыё Свабода».
«Нагадаю, што беларусаў мы, як дзяржава, запрасілі самі. Запрасілі, спрабуючы стварыць для іх дэмакратычныя і бяспечныя ўмовы для жыцця, працы і адкрыцця бізнэсу, пасля таго, як спадар Лукашэнка чарговы раз – у двукоссі – “перамог” на выбарах у Беларусі. Казаць, што беларусы, якія прыехалі сюды, робяць нешта дрэннае, у мяне асабіста язык не павернецца. Тым больш, што яны сапраўды робяць унёсак у нашу эканоміку і з'яўляюцца ўдзельнікамі рынку працы», – сказаў палітык.
Паводле словаў Палуцкаса, ніхто з беларусаў не стаіць на біржы працы з працягнутай рукой, просячы сацыяльную дапамогу. Беларусы, на ягоную думку, дапамагаюць эканоміцы Літвы расці.
«Што да розных выклікаў у сферы бяспекі, мы, без сумневу, разумеем, што дзейнічаюць розныя спецслужбы – тыя ці іншыя працэсы адбываюцца ва ўсім свеце, у тым ліку і ў Літве. Нам трэба аналізаваць, ацэньваць і назіраць за пэўнымі рэчамі, якія знаходзяцца ў плоскасці нацыянальнай бясьпекі. Аднак штучныя абмежаванні накшталт забаронаў вяртацца на радзіму або бачыцца са сваякамі, нестабільныя і нелагічныя», – мяркуе Палуцкас.
Ён дадаў, што супрацоўнікі беларускай выведкі, якія хочуць уплываць на дыяспару і тых беларусаў, якія пераехалі ў Літву, могуць рабіць гэта проста ў Літве, а не толькі на тэрыторыі Беларусі.
«Задача Дэпартамента дзяржбяспекі Літвы – не дапусціць гэтага. А штучныя абмежаванні не працуюць. Мы бачым прыклад Польшчы, дзе такіх абмежаванняў няма, і зыходзячы з гэтага мяркуем, што маглі б праводзіць падобную палітыку і ў Літве», – сказаў Гінтаўтас Палуцкас.