BE RU EN

Тры менскія кавярні трапілі ў топ-100 найлепшых у свеце

  • 9.11.2024, 10:40

Дзе яны знаходзяцца?

Тры менскія ўстановы апынуліся ў спісе топ-100 кавярняў у свеце, які складае рэсурс theworlds100bestcoffeeshops.com, заўважыла «Настоящее время. Беларусь». Яны будуць змагацца за годнасць найлепшай у свеце — пераможцу і агульны рэйтынг абвесцяць у пачатку 2025 года.

Праект адзначае, што ў сваім імкненні вызначыць найлепшыя кавярні ва ўсім свеце арганізатары ўстанавілі набор крытэрыяў, якія "забяспечваюць дбайную і справядлівую ацэнку". У топ-100 увайшлі тры кавярні ў Менску:

«Место» (вул. Казлова, 6, пр-т. Незалежнасці, 46 і вул. Кісялёва 23);

«Зерно» (пр-т. Незалежнасці, 43);

«Kitchen Coffee Roasters» (вул. Кастрычніцкая, 16/3, яшчэ адна кавярня знаходзіцца ў Вільні па адрасе Šv. Mykolo g. 4).

17 лютага 2025 года арганізатары плануюць назваць найлепшую ў свеце кавярню. Ацэньваць установы будуць экспэрты - вядомыя барысты, пражнікі і знаўцы кавы. Таксама кожны можа пакінуць свой голас за ўлюбёнае месца, калі адкрыецца онлайн-галасаванне. Вынікі складуць 30% канчатковага бала, астатнія 70% - меркаванне экспэртаў.

Арыентавацца будуць на якасць кавы, прадуктаў і кандытарскіх вырабаў, экспэртызу барысты і ўзровень абслугоўвання кліентаў, інавацыі і практыкі ўстойлівага развіцця, атмасферу агулам.

- Аб'яднаўшы меркаванні аматараў кавы з досведам прафесіяналаў галіны, наша сістэма галасавання створаная, каб выявіць і адзначыць сапраўды выключныя найлепшыя кавярні ва ўсім свеце, - гаворыцца ў апісанні на сайце.

Пасля абвяшчэння вынікаў з'явіцца спіс «найлепшых кавярняў свету» з ранжаваннем ад 1 да 100. Пакуль паглядзець усіх намінантаў з розных краін можна ў Instagram праекце.

Апошнія навіны