Першыя заўзятары з Ізраілю, якія перажылі напад у Амстэрдаме, вярнуліся дадому
- 9.11.2024, 11:03
Самалёт прызямліўся ў аэрапорце Бэн-Гурыён.
У ізраільскім аэрапорце Бэн-Гурыён сеў першы самалёт, які даставіў дадому з Амстэрдама футбольных заўзятараў, якім напярэдадні прыйшлося перажыць серыю антысеміцкіх нападаў. Каб даставіць дадому астатніх заўзятараў, авіякампанія El Al адправіць яшчэ шэсць бартоў, паведамляе ВВС.
Успышка гвалту, якую ізраільскія і галандскія афіцыйныя асобы асудзілі як праяву антысемітызму, адбылася ў сталіцы Нідэрландаў пасля матчу Лігі Еўропы паміж амстэрдамскім клубам “Аякс” і тэль-авіўскім “Макабі”, які скончыўся разгромнай (5:0) перамогай гаспадара.
Нягледзячы на прыязную атмасферу на стадыёне і прысутнасць паліцыі, пасля заканчэння гульні мясцовыя заўзятара пачалі высочваць і нападаць на заўзятраў ізраільскага клуба.
У выніку сама меней пяцярых ізраільцян давялося шпіталізаваць з рознага кшталту траўмамі.
Мэр Амстэрдама Фемке Халсема згадала, што нападнікі аб'ядналіся ў “банды на скутэрах”, якія чынілі “брыдкія напады”, збіваючы ізраільскіх заўзятараў натоўпам.
Паліцыя дала справаздачу аб затрыманні 62 удзельнікаў пагромаў.
"Я вельмі спадзяюся, што больш ніколі не ўбачу падобнай ўспышкі антысемітызму", – заявіла кіраўніца горада, дадаўшы, што ёй вельмі сорамна за тое, што адбылося.
Кароль Нідэрландаў Вілем-Аляксандр таксама зрабіў заяву, у якой асудзіў напады на ізраільскіх заўзятараў. Ён заявіў, што яго краіна "не павінна рабіць выгляд, што не заўважае" праяў антысемітызму, бо падобнае можа прывесці да "жахлівых наступстваў".