Пуцін вучыць Пуціна
- Міхаіл Брошын
- 9.11.2024, 18:14
Гучыць сенсацыйна?
"Можна колькі заўгодна абвастраць, вінаваціць, асуджаць, але цяпер самае галоўнае - спыніць баявыя дзеянні неадкладна", - заявіў Уладзімір Пуцін. Гучыць сенсацыйна? Так, калі не ведаць, што расейскі кіраўнік кажа пра блізкаўсходні канфлікт.
А на вайну ва Украіне гэтая тэза Пуціна не распаўсюджваецца. Там ён мае намер працягваць уварванне да "дасягнення ўсіх пастаўленых мэт".
Гэта значыць Ізраіль, які зазнаў варварскі напад 7 кастрычніка 2023 г., павінен спыніць агонь. "Неадкладна". А Расея, якую ніхто не атакаваў, уважае, што мае права і далей тэрарызаваць украінскія гарады і вёскі.
Гэта нават не падвойныя стандарты, а нейкая зусім ужо шакавальная крывадушнасць.
"За стагоддзі сваёй гісторыі чалавецтва прызвычаілася, што гранічны спосаб вырашэння супярэчнасцей - высвятленне дачыненняў пры дапамозе сілы. Так, такое таксама бывае. Хто мацнейшы, той і мае рацыю…
Але сучасны свет комплексны і складаны, ён становіцца ўсё больш складаным. Вырашаючы нейкую адну праблему, ужыванне сілы стварае, вядома, іншыя, часцяком яшчэ цяжэйшыя".
Хто гэта сказаў? Махатма Гандзі? Не, зноў жа Уладзімір Пуцін. Але тады якога чорта ён дзейнічае іначай?
Можна сказаць, што Пуцін выступае ў ролі мудрага настаўніка. Вось толькі ўсе гэтыя разумныя думкі гаспадар Крамля чамусьці не праецыруе на сябе. Гэта аксіёмы, але для іншых. А Расея лічыць сябе вышэй за любыя правілы і законы.
Але абуральнае разыходжанне паміж словамі і справамі Пуціна непазбежна прывядзе да катастрафічных для РФ наступстваў. Скажам, закон сусветнага прыцягнення дзейнічае нават на тых, хто на сябе каханага яго не распаўсюджвае. Таму Расею ў будучыні чакае жорсткая пасадка.
Тады давядзецца ўспомніць пра ўрокі Пуціна, якія сам ён не вывучыў. І развязваць "яшчэ больш цяжкія праблемы", што ідуць у пары з высвятленнем дачыненняў пры дапамозе сілы.
Міхаіл Брошын, «Салiдарнасць»