ЗША прымусілі Катар выгнаць верхаводаў ХАМАС з краіны
- 9.11.2024, 18:27
Тэрарысты пакінуць гэтую краіну найбліжэйшым часам.
Улады Катара пагадзіліся выслаць з краіны завадатараў ХАМАС на запыт ЗША пасля неаднаразовых спробаў прымусіць лідараў тэрарыстычнага руху пагадзіцца на ўгоду аб спыненні агню і вызваленні ізраільскіх закладнікаў.
Пра гэта паведамляе CNN.
Прыкладна два тыдні таму амерыканскія чыноўнікі паведамілі катарскім калегам, што тыя павінны спыніць даваць прытулак верхаводам ХАМАС.
Каля тыдня таму Катар пагадзіўся і паведаміў аб гэтым тэрарыстычнай групоўцы, гавораць крыніцы тэлеканалу. CNN адзначае, што просьба з боку амерыканскіх чыноўнікаў рушыла ўслед пасля таго, як верхаводы ХАМАС адпрэчылі неаднаразовыя прапановы аб вызваленні ізраільскіх закладнікаў, што было для прэзідэнта ЗША Джо Байдэна прыярытэтам.
Высокапастаўлены прадстаўнік ХАМАС назваў паведамленні аб згодзе Катара выслаць кіраўніцтва групоўкі з Дохі "беспадстаўнымі". Ён заявіў, што гэта "тактыка ціску" і дадаў, што падобныя заявы ўжо распаўсюджваліся раней без доказаў.
Калі менавіта верхаводы ХАМАС будуць высланы з Катара і куды яны адправяцца, застаецца незразумелым. Са слоў адной з крыніц CNN, групоўцы далі мала часу, каб пакінуць краіну.
Як магчымы варыянт разглядаецца Турцыя, але ЗША наўрад ці ўхваляць гэты сцэнар, піша CNN. The Times of Israel адзначае, што раней сярод варыянтаў таксама называліся Іран, Аман, Ліван і Алжыр, але яны таксама выклікаюць у ЗША занепакоенасць з розных пунктаў гледжання.