Пампеа: Лукашэнка выносіў мне мозг
- 9.11.2024, 19:54
Блізкі да Трампа палітык распавёў аб сустрэчы з дыктатарам.
Былы кіраўнікі дыпламатычнага ведамства ЗША Майк Пампеа можа заняць высокую пазіцыю ў новай адміністрацыі пры Дональдзе Трампе. Магчыма, ён стане міністрам абароны.
У 2020 годзе ён сустрэўся з Лукашэнкам. Пампеа апісаў візіт у мемуарах "Ніколі не адступлю ні на крок: змагаюся за Амерыку, якую люблю". Вось што ён узгадваў пра паездку ў Менск і сустрэчу з Лукашэнкам:
- А потым усё пайшло абы-як. На сустрэчы ў сваім палацы ён гаварыў напышліва. Мае калегі думалі, што калі наша закрытая сустрэча зацягнулася, усё прайшло пазітыўна. Насамрэч ён мне выносіў мозг апавяданнямі пра розных выдуманых ворагаў і тэорыі змоў. Пройдзе час, і высветліцца, што Лукашэнка ніколі сур'ёзна не меў намеру праводзіць рэформы, і сёння ён несправядліва трымаецца за ўладу.