BE RU EN

СМІ: Паўстанцы ідуць на Дамаск, каля палаца Асада пачалася стральба

  • 1.12.2024, 13:09

У Сірыі магчымае падзенне рэжыму дыктатара.

Падзеі, якія разгортваюцца ў Сірыі, пагражаюць падзеннем рэжыму кіраўніка краіны Башара Асада. Паўстанцы захопліваюць населеныя пункты, дзяржаўная тэлевізія не працуе, а навіны аб дзяржаўным перавароце могуць справакаваць пераход войска на бок апазіцыі. Пра поспехі паўстанцаў піша сірыйскае выданне Syriah.

На стан вечару 30 лістапада паўстанцы здолелі ўзяць пад кантроль тэрыторыю на поўнач ад горада Хама і нацыянальны аэрапорт Алепа, які знаходзіцца на паўднёвым усходзе горада-мільённіка.

Арабскае выданне АІ Jazeera са спасылкай на заяву паўстанцаў паведамляе, што яны знаходзяцца ў Хаме і займаюць пазіцыі ў паўночнай і ўсходняй частках горада. Яны сцвярджаюць, што гатовыя адбіць любыя атакі сірыйскіх і расейскіх ваенных самалётаў, якія накіраваныя на зборы апазіцыі і лініі забеспячэння.

Сірыйскія паўстанцы заяўляюць, што вайсковыя сілы Башара Асада бягуць з горада Хама.

Узброеныя сілы Сірыі абвясцілі пра адвод войскаў з Алепа, паведаміла са спасылкай на афіцыйную заяву брытанскае агенцтва Reuters. Вайскоўцы сцвярджаюць, што зрабілі гэта, каб сабрацца сіламі і падрыхтаваць контрнаступ. Ва УС Сірыі таксама дадалі, што за апошнія некалькі дзён у лютых баях з паўстанцамі ў Алепа і Ідлібе загінулі або атрымалі раненні дзясяткі вайскоўцаў.

Расейскі мілітарны паблік «Ваенны інфарматар» піша, што ў сталіцы Сірыі Дамаску нібыта адбываецца спроба дзяржаўнага перавароту супраць рэжыму Башара Асада, а сірыйская тэлевізія спыніла сваю працу. Каля палаца Асада чулі страляніну. Цяпер войскі паўстанцаў накіроўваюцца ў горад Хомс і да самога Дамаска.

У горадзе Алепа паўстанцы абвясцілі 24-гадзінную каменданцкую гадзіну, пачынаючы з 17-й суботы, заявіўшы, што гэта зроблена для бяспекі жыхароў.

У сацсетках журналіст Fadi, фрылансер BNS паведамляе, што паўстанцы ўвайшлі ў горад Дэйр-Хафір, адзін з найбуйнейшых гарадоў у паўночна-заходняй частцы Сірыі. Там чулася страляніна і ёсць інфармацыя, што войскі Асада нібыта выйшлі адтуль.

Тым часам іншы журналіст, актывіст і OSINT-аналітык Шаро Маруф паведаміў, што Башар Асад лётаў у Маскву і зноў вярнуўся ў Дамаск.

«Сірыйскі рэжым спрабуе захаваць аблічча. Пацвярджэнне навінаў пра пераварот можа прывесці да таго, што генералы і ваенныя камандзіры сірыйскага войска далучацца да наступу пад кіраўніцтвам сірыйскіх паўстанцаў (падобна да таго, як пачалася грамадзянская вайна ў Сірыі)», – піша Шаро Маруф.

Вайсковы аглядальнік і афіцэр Войска абароны Ізраіля Ігаль Левін заявіў, што наступ паўстанцаў у Сірыі можа сведчыць пра намер Захаду забраць у прэзідэнта РФ Уладзіміра Пуціна адзін з ягоных найважнейшых актываў – Сірыю.

Апошнія навіны