BE RU EN

Трамп прызначыў паслом у Францыі Чарльза Кушнера, сям'я якога шчыльна звязаная з Беларуссю

  • 1.12.2024, 17:28

Ягоная маці арганізавала знакамітыя ўцёкі з гета ў Навагрудку.

Абраны прэзідэнт ЗША Дональд Трамп намінаваў на пасаду амбасадара ў Францыі Чарльза Кушнера. Гэта бацька Джарэда Кушнера - жонка дачкі Трампа Івонкі.

Каментуючы прызначэнне ў сваёй сацсетцы Truth Social, Трамп назваў Чарльза Кушнера "выбітным бізнэс-лідарам, філантропам і перамоўнікам, які будзе ўпэўнена бараніць інтарэсы ЗША". Трамп таксама нагадаў, што ягоны зяць, сын Чарльза Джарэд Кушнер паспяхова працаваў у яго першай прэзідэнцкай адміністрацыі, паведамляе CNN.

Чарльз Кушнер займаецца бізнэсам у сферы нерухомасці і жыллёвага будаўніцтва. Ён атрымаў у спадчыну ад бацькі партфель з 4 000 кватэр і пабудаваў бізнэс-імперыю, стаўшы мільярдэрам. Акрамя таго, да 2016 года ён быў донарам Дэмакратычнай партыі, а таксама мецэнатам і філантропам.

Сям'я Кушнера шчыльна звязана з Беларуссю, піша «Наша Ніва». Ягоныя бацькі родам з Наваградка. Маці Чарльза - Рая была дачкой заможнага кушняра Зэйдэля, у сям'і было дзве крамы. У 1941-м сям'ю Кушнер, як і 24 тысячы яўрэяў з навакольных гарадоў, нацысты адправілі ў гета, якое размясцілася недалёка ад Наваградскага замка. Пры гэтым маці 16-гадовай Раі Хінду і старэйшую сястру Эстэр расстралялі.

Перажыўшы пяць адбораў на масавыя расстрэлы, Рая з братам Хонем і іншымі вязнямі гета надумалі арганізаваць уцёкі. Яны сталі капаць тунэль пад агароджай. Спачатку выкарыстоўвалі рукі і лыжкі, затым прыдумалі хітрыя інструменты, якія палегчылі працу. Сярод вязняў знайшліся электрыкі, якія змаглі правесці ў тунэль святло, а зямлю хавалі ў падвойных сценах.

Тунэль выкапалі за чатыры месяцы, 26 верасня 1943 года адбыліся ўцёкі - самыя масавыя з канцлагераў і гета за ўсю вайну. Праз тунэль збеглі 360 чалавек, выжыць удалося не ўсім. Ацалелыя, сярод іх была і Рая Кушнер, далучыліся да габрэйскага партызанскага атрада братоў Бельскіх. Там Рая пазнаёмілася з будучым мужам Ёзэфам Берковіцам, які таксама быў родам з Наваградка. Яны ажаніліся пасля вайны ў Будапешце, пры гэтым Ёзэф узяў прозвішча жонкі, а неўзабаве эмігравалі ў ЗША.

Рая Кушнер

У 2019 годзе ў Наваградку адкрылі Мемарыяльную сцяну ў памяць аб уцёках, яе будаўніцтва прафінансавала сям'я Кушнер. Ёсць у горадзе і музей габрэйскага супраціву, частка экспанатаў таксама была перададзеная сям'ёй Чарльза.

Яго сын Джарэд у 2009 годзе ажаніўся з Івонкай Трамп — дачкой будучага прэзідэнта ЗША. У першы тэрмін Трампа ён працаваў старйшым дарадцам у адміністрацыі і, як мяркуецца, меў сур'ёзны ўплыў у фармаванні як замежнай, так і ўнутранай палітыкі. Надоечы Джарэд Кушнер заявіў, што не будзе працаваць у новай адміністрацыі цесця. Цяпер пасаду ад прэзідэнта атрымаў ягоны бацька Чарльз.

Апошнія навіны