КДБ выпадкова выдаў двух супрацоўнікаў
- 10.12.2024, 9:58
Адзін з іх - выхадзец з элітнага падраздзялення.
У метазвестках файлаў, якія апублікаваў тэлеграм-канал КДБ, выпадкова апынуўся чалавек, які склаў спіс «тэрарыстаў», пазначаны як Аляксей Праватораў. Са звестак праекту Digital intelligence team, яму 40 гадоў. Ён нарадзіўся ў Менску, зараз жыве ў Менскім раёне, піша «Наша Ніва».
Пасля школы Праватораў атрымаў вышэйшую адукацыю, а паралельна працаваў на Мінскім заводзе шасцерняў.
Мужчына доўгі час працаваў у сферы адукацыі - у 24-й гімназіі ў Менску, ва ўправе адукацыі адміністрацыі Партызанскага раёна сталіцы, у Мінскім гуманітарна-лінгвістычным каледжы, Мінскім дзяржаўным вышэйшым радыётэхнічным каледжы і ў Мінскім дзяржаўным лінгвістычным універсітэце.
А пасля 2012 года перайшоў працаваць ва ўправу КДБ Менску і Менскай вобласці, якая ў базах называецца ваеннай часткай № 53890.
Чалавека, пазначанага як аўтар апошняй змены спісу «тэрарыстаў», клічуць Аляксандр Антановіч. Са звестак Digital intelligence team, гэта 51-гадовы ўраджэнец Менска, які доўгі час жыў ва Украіне (магчыма, там працавалі яго бацькі). У 1997 годзе атрымаў беларускае грамадзянства.
У Антановіча ёсць службовы і дыпламатычныя пашпарты. Ён выхадзец з элітнага падраздзялення КДБ, з 1990-х і як мінімум да 2006 года працаваў ва ўправе вайсковай контрразведкі КДБ (магчыма, да 2016 года - у базах з 2006 да 2016 аддзел не канкрэтызуецца).
Гэта ўправа займаецца "абаронай узброеных сіл ад знешніх і ўнутраных чыннікаў, якія ўплываюць на здольнасць выконваць задачы і падтрымліваць баявую гатоўнасць войскаў". Карацей кажучы, сочыць за вайскоўцамі.
Не пазней за 2016 год ён перайшоў на працу ў цэнтральны апарат КДБ. Невядома, што ўваходзіць у спектр задач Антановіча, але відавочна, што ён таксама займаецца і рэпрэсіямі супраць беларусаў.
Мужчына некалькі разоў лятаў з дыпламатычным пашпартам у розныя краіны Еўропы - напрыклад, у Нямеччыну, Францыю, Украіну, Польшчу, Аўстрыю, Літву і Латвію. А ў 2010 і 2011 гадах ездзіў у службовых справах у Лібан.
У вольны час Антановіч займаецца паляваннем - у тэлеграме ён у шматлікіх тэматычных групах.