BE RU EN

«Першы раз праз Тэрэспаль паехаў — і бац»

  • 10.12.2024, 11:26

Пра сітуацыю на мяжы Беларусі з ЕЗ у пачатку снежня.

На мяжы Беларусі працягваюцца незаконныя праверкі тэлефонаў, «гутаркі» з сілавікамі і затрыманні.

Берасцейская вобласць - на другім месцы ў Беларусі паводле колькасці адміністрацыйных судоў восенню 2024 года. Там прайшло як мінімум 278 «палітычных» судовых працэсаў, большая частка з іх была ў Берасці. Прычым менавіта ў гэтым горадзе судзяць тых, каго затрымалі на мяжы па вяртанні ў Беларусь.

Журналісты BGmedia прачыталі, што на мінулым тыдні і ў пачатку гэтага пісалі карыстальнікі памежных тэлеграм-чатаў аб праверках тэлефонаў і допытах на беларускай мяжы.

У памежных чатах пацвярджаюць, што сілавікі ладзяць допыты не толькі на ўездзе ў Беларусь, але і на выездзе:

«РБ - РП, 02.12 («Мінсктранс»). 00.10 - выехалі з Менска. 05.26 - прыехалі на мяжу (з усімі прыпынкамі), (перад намі пару аўтобусаў). А 06.20 праходзілі пашпартны кантроль у нашых без праверкі багажу. Але доўга чакалі людзей з размовы. 10.52 - заехалі да палякаў. 11.27 - прайшлі пашпартны кантроль, надгляд. 11.30 - выехалі ад палякаў».

«А зараз і на выезд бяруць на гутарку? Раней толькі замежнікаў на ўезд».

«Відаць, іх проста доўга правяралі. Таму што таксама была з намі жанчына з Італіі, з ДНЖ Беларусі, дык яе доўга глядзелі».

Пра допыты беларусаў пры вяртанні дадому ў прымежных чатах у асноўным пішуць завуалявана:

«Сёння [3 снежня], «Экалайнс», Вільня - Менск а 10.55 (з Коўна). Агульны час у дарозе - 6 гадзін. У аўтобусе 43 чалавекі, аднаго знялі, вёз кастэт. На мяжы спакойна, але вельмі ўсё марудна, як можна без чаргі праходзіць за 3,5 гадзіны?!».

«Аўтобус Уроцлаў – Менск [4 снежня]. 15.20 - выехалі з аўтавакзала. 00.10 - прыехалі на мяжу. 00.25 - заехалі да палякаў. 02.00 - прайшлі палякаў. 06.05 - прайшлі РБ. Час РБ (стаялі і чакалі людзей з допыту). Разам: 6 гадзін».

«Што рабіць, калі грамадзяніну Літвы паставілі забарону на ўезд у Беларусь? А вельмi трэба туды паехаць.

Прычына: возіць аўто ва Украіну на продаж - значыць, для войска Украіны. Але ездзіў [у Беларусь] шмат разоў да гэтага праз [пункт пропуску] Меднікі і праходзіў гутаркі без праблем. А першы раз цераз Тэрэспаль паехаў — і бац».

«Тэрэспаль — Берасце. На мяжы а 09.40 [9 снежня], час польскі. Мяжу прайшлі за гадзіну. Яшчэ гадзіну чакалі з допытаў. Разам: 2 гадзіны».

Апошнія навіны