BBC: У Расеі вялікія праблемы з эвакуацыяй з Сірыі
- 10.12.2024, 15:50
Крамлю давядзецца дамаўляцца з Турцыяй.
Расеі будзе няпроста эвакуаваць з Сірыі, дзе абрынуўся рэжым Башара Асада, сваіх вайскоўцаў, а таксама вялікую колькасць узбраенняў і тэхнікі, якія разгорнуты ў розных частках краіны.
У Сірыі застаецца значны расейскі вайсковы кантынгент - спачатку 2024 года яго колькасць з ускосных прыкмет складала блізу 7,5 тысяч чалавек, піша BBC.
«У 2017 годзе Масква і Дамаск падпісалі пагадненне аб выкарыстанні баз у Тартусе і Хмейміме тэрмінам на 49 гадоў - да 2066 года. Аднак цяпер складана сказаць, ці застануцца яны ўвогуле ў Расеі», - адзначаюць журналісты, дадаючы, што і расейскае кіраўніцтва дае зразумець, што планаў на іх выкарыстанне не снуе і іх лёс збіраюцца абмяркоўваць з новымі ўладамі ў Дамаску.
Пры гэтым базы ў Тартусе і Хмейміме з'яўляюцца не адзінымі аб'ектамі, дзе прысутнічаюць расейскія вайскоўцы. Журналісты таксама падкрэсліваюць, што, калі інфармацыя, якая раней з'явілася ў СМІ, пацвердзіцца і камандаванне РФ звязалася з турэцкім, каб дамовіцца аб садзейнічанні ў вывадзе войскаў, то гэта дапаможа эвакуаваць расейскіх вайскоўцаў з аддаленых раёнаў Сірыі, але не з усіх. У некаторых раёнах, дзе ёсць расейскія войскі, турэцкай прысутнасці няма наогул.
«Для таго каб вывесці войскі да Тартуса або Хмейміма, адкуль іх потым можна было б эвакуаваць у Расею, дамаўляцца давядзецца з самымі рознымі сіламі», — гаворыцца ў публікацыі.
Эвакуаваць вайсковы кантынгент РФ непасрэдна з Сірыі будзе таксама няпроста - акрамя 7,5 тысяч чалавек, ён уключае вялікую колькасць узбраенняў і вайсковай тэхнікі, у тым ліку браняваныя машыны, зенітна-ракетныя комплексы. Калі РФ пачне тэрміновую эвакуацыю з Хмеймімі для гэтага можа спатрэбіцца сотні рэйсаў Ан-124 і Іл-76 за вельмі кароткі час.
Не з'яўляецца больш простым і водны маршрут праз базу ВМС у Тартусе - судны не змогуць прайсці праз турэцкія пралівы Басфор і Дарданэлы ў Чорнае мора. Пасля поўнамаштабнага ўварвання РФ ва Украіну пралівы былі закрытыя Турцыяй для праходу караблёў краіны ў вайне.