BE RU EN

Гандлёвы тупік: Кітай значна скарачае экспарт у Расею

  • 10.12.2024, 16:48

У РФ узніклі сур'ёзныя праблемы.

Экспарт тавараў з Кітая ў Расею ў лістападзе, выражаны ў юанях, скараціўся на двухзначны паказчык, што стала рэзкай зменай пасля кастрычніцкага росту на 24%. Гэтае зніжэнне зафіксаванае ўпершыню за апошнія чатыры месяцы, паводле інфармацыі, пададзенай кітайскай мытняй у аўторак, 10 снежня, паведамляе dialog.ua са спасылкай на Reuters.

Аб'ём экспартных паставак у Расею скараціўся на 10,5% у гадавым вылічэнні, што стала першым спадам з ліпеня гэтага года.

Імпарт тавараў з Расеі ў лістападзе таксама скараціўся на 7,4% у юаневым вылічэнні, што з'яўляецца пагаршэннем у параўнанні са скарачэннем на 4,3% у кастрычніку. Пры гэтым Мытная ўправа Кітая не падала дэталізаванай інфармацыі аб таварах, якія прадаваліся або закупляліся паміж дзвюма краінамі.

Расейскі дыктатар Пуцін 4 снежня адзначыў, што галоўнай праблемай у гандлі паміж Расеяй і Кітаем застаюцца разлікі ў нацыянальных валютах. Ён сцвярджаў, што цэнтральныя банкі абедзвюх краін працуюць над развязаннем гэтага пытання. Аднак, мяркуючы з усяго, нічога прыдумаць не ўдалося. Пекін, баючыся другасных санкцый Захаду, скараціў да мінімуму фінансавае ўзаемадзеянне з РФ.

На фоне падзей у лістападзе кітайскі вытворца тэлевізараў, які выпускае прадукцыю пад брэндамі Philips, Sharp і Sony, спыніў працу свайго завода ў Ленінградскай вобласці недалёка ад Санкт-Пецярбурга. Прычынай сталі праблемы з аплатай паставак запчастак ад замежных пастаўшчыкоў.

Двухбаковае тавараабарачэнне паміж Расеяй і Кітаем у лістападзе склала 145,9 млрд юаняў (амаль $20,14 млрд), што на 5% менш, чым у кастрычніку.

Апошнія навіны