РФ стукнула па прыватнай клініцы ў Запарожжы
- 10.12.2024, 19:50
Трое загінулых.
Расея запусціла ракеты па цэнтры Запарожжа. Адна з іх патрапіла ў прыватную клініку. У выніку загінулі тры чалавекі, яшчэ 16 атрымалі раненні, паведаміў кіраўнік абласной ваеннай адміністрацыі Іван Фёдараў. Сярод пацярпелых - двое лекараў.
З яго слоў, клініка цалкам разбураная, таксама пашкоджаныя будынкі побач з ёй. Ратавальнікі працягваюць разбор завалаў, пад якімі застаюцца сама меней восем чалавек. На месцы працуюць медыкі, супрацоўнікі паліцыі і Дзяржаўнай службы Украіны па надзвычайных сітуацыях (ДСНС).
Офіс генеральнага пракурора паведаміў, што Расея ўдарыла па цэнтры Запарожжа ракетамі блізу 15:00. Апроч прыватнай клінікі, была знішчаная размешчаная побач кавярня, абломкі і выбухная хваля пашкодзілі шматпавярховыя дамы і аўтамабілі. Пачатае дасудовае расследаванне па факце ваеннага злачынства, якое пацягнула гібель людзей (ч.2 арт.438 КК Украіны).
Атаку на Запарожжы пракаментаваў прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі і выказаў спачуванні сваякам і блізкім загінулых. «Кожны такі ўдар даводзіць, што неабходна павялічваць магчымасці нашай СПА. Свет мае дастаткова сістэм, каб зрабіць гэта. Мы перадалі ўсе запыты па СПА партнёрам: і па «патрыётах» (амерыканскія ЗРК Patriot. - Заўв.), і па іншых сістэмах, якія могуць быць эфектыўнымі для абароны. Пытанне толькі ў палітычных пастановах, …> якія могуць выратаваць тысячы жыццяў і пазбавіць сэнсу расейскі тэрор», - адзначыў Зяленскі.
Гэта ўжо другі смяротны напад на Запарожжа за тыдзень. У пятніцу, 6 снежня, расейскія войскі скінулі на горад кіраваныя авіябомбы ФАБ-250, адна з якіх упала на жылы раён. Тады загінулі 10 чалавек, у тым ліку дзве дзяўчынкі-падлеткі, яшчэ 26 атрымалі раненні. Сярод пацярпелых трое дзяцей, уключаючы чатырохмесячнае немаўля. 7 снежня ў Запарожскай вобласці быў абвешчаны днём жалобы.