Менчукам, якім не падабаюцца кошты таксі, параілі ездзіць на метро
- 10.12.2024, 20:02
Параду дала першая намесніца старшыні Менгарвыканкама.
Менчукам, незадаволеным ростам коштаў таксі, далі параду сталічныя ўлады.
Яе агучыла першая намесніца старшыні Менгарвыканкама Надзея Лазарэвіч у эфіры СТВ.
«Калі вы не згодныя з коштаўтварэннем таксі, для вас дорага, то паслухайце – у нас ёсць наземны транспарт, падземны транспарт, цалкам лагістычныя шляхі выбудаваныя ў Менску, маршруткі, таму права выбару для чалавека ёсць», – заявіла чыноўніца.
Яна таксама дадала, што «не ўсё сышлося на таксі», і расказала, што ў сталіцы «ўся праца мясцовых органаў улады цяпер накіраваная на тое, каб людзі маглі дабрацца і на звычайным транспарце».
«Мы будуем новыя прыпынкі, станцыі метрапалітэну. …> Так, зручней, можа быць, на таксі, хутчэй у нейкай ступені. Але калі ўсё ж такі ёсць такое вялікае пытанне з коштам, якое мы тут актыўна абмяркоўвалі, ёсць права выбару», – упэўненая Надзея Лазаравіч.
Адзначым, што пасля ўвядзення новых правілаў, напрыклад абавязковага ўключэння ў Рэестр аўтамабільных перавозак пасажыраў у нерэгулярных зносінах, у пачатку лістапада з лініі сышло вельмі шмат кіроўцаў і машынаў.
Для таго каб мець магчымасць працаваць, таксісты павінны былі абсталяваць аўто, прайсці навучанне, на што ім давялося выдаткаваць прыкладна Br1,5 тыс.