BE RU EN

У Менску запалілі агні галоўнай навагодняй ялінкі краіны

  • 10.12.2024, 20:08

Фотафакт.

Галоўная ялінка краіны заззяла рознакаляровымі агнямі на Кастрычніцкай плошчы ў Менску 10 снежня. Адначасова з ёй у горадзе запрацавала ўся святочная ілюмінацыя, піша дзяржагенцтва «Менск-Навіны».

На адкрыцці ялінкі сабраліся сотні менчукоў і гасцей сталіцы, яны чакалі за агароджай вакол дрэва да канца паказу. Для гасцей паказалі невялікую канцэртную праграму: пад песні скакалі дзяўчаткі-сняжынкі, вялікія снегавікі і Дзед Мароз са Снягуркай.

Пасля гэтага надышоў кульмінацыйны момант – на каманду ялінка і ўсе дэкарацыі на Кастрычніцкай плошчы запаліліся тысячамі зіхоткіх агнёў. Праграма прадоўжылася карагодам вакол дрэва.

Для ўпрыгожвання галоўнай ялінкі краіны выкарыстаныя 3,2 км гірляндаў, больш за 20 тысячаў пікселяў на 108 шлейфах і блізу 60 розных святлодынамічных сцэнарыяў, якія цыклічна змяняюцца.

Сёлета святочная ілюмінацыя пратрымаецца ў Менску да 14 студзеня.

«24 снежня мы ўсіх запрашаем у Верхні горад, там адбудзецца традыцыйны форум Дзядоў Марозаў з кожнага раёна Менска. З 25 снежня мы адкрываем серыю навагодніх чарадзейных казак у Верхнім горадзе і ля Палаца спорту. Чакаем малых і іхніх бацькоў», – расказала рэжысёрка святочных мерапрыемстваў Алена Радзівонава.

Елка-конус выглядае практычна гэтак сама, як, напрыклад, і чатыры гады таму.

Апошнія навіны