BE RU EN

WP: Украіна дапамагла сірыйскім паўстанцам, якія зрынулі Асада

  • 11.12.2024, 10:28

Кіеў адправіў 20 дасведчаных аператараў беспілотнікаў і прыкладна 150 FPV-дронаў.

Незадоўга да зрынання рэжыму Башара Асада сірыйскія паўстанцы атрымалі вайсковую дапамогу ад Украіны, паведамілі Washington Post крыніцы, знаёмыя з дзеяннямі ўкраінскіх вайскоўцаў за мяжой.

З іх слоў, гэта адбылося чатыры-пяць тыдняў назад. Кіеў адправіў 20 дасведчаных аператараў беспілотнікаў і прыкладна 150 FPV-дронаў (ад першай асобы) у штаб-кватэру паўстанцаў у Ідлібе, каб дапамагчы групоўцы “Хаят Тахрыр аш-Шам” (ХТШ) у будучым наступе.

Пры гэтым Кіеў разлічваў, што гэта дапаможа падарваць пазіцыі Расеі і яе сірыйскіх хаўруснікаў, зазначаюць суразмоўцы WP. Але ў выніку такая вайсковая падтрымка адыграла толькі "сціплую ролю" ў зрынанні Асада, адзначаюць крыніцы выдання ў заходняй выведцы. Аднак яны лічаць "характэрнай" саму спробу Украіны нанесці схаваны ўдар па расейскіх сілах на Блізкім Усходзе. У той жа час высокапастаўленыя амерыканскія чыноўнікі неаднаразова заяўлялі, што ў Белым доме нічога не ведаюць аб супрацоўніцтве Кіева з сірыйскімі паўстанцамі.

Апошнія навіны