Эксперт ААН раскрыў хлусню Лукашэнкі
- 11.12.2024, 17:33
У Беларусі няма ядзернай зброі.
Лукашэнка напярэдадні ў чарговы раз заявіў, што на тэрыторыю Беларусі вярнулася ядзерная зброя. З яго слоў, у краіну ўвезлі не адзін дзясятак ядзерных зарадаў.
Павел Подзвіг, які ў ААН займаецца праблемамі ядзернага раззбраення і кантролю над узбраеннямі, мяркуе, што гэта хутчэй за ўсё няпраўда. У інтэрв'ю The The Insider ён назваў некалькі аргументаў.
«Я застаюся пры меркаванні, што, хутчэй за ўсё, у Беларусі няма ніякіх боезарадаў. Сістэма абыходжання з ядзернымі боезарадамі ў Расеі пабудаваная такім чынам, што складана ўявіць, як іх у прынцыпе будуць перавозіць на тэрыторыю Беларусі.
Затым, заходнія выведкі інфармацыю аб перамяшчэнні ядзерных зарадаў абнародуюць так ці інакш. Маючы стасункі з рознымі людзьмі, якія валодаюць інфармацыяй пра такія рэчы, я ні разу не чуў аб тым, каб у Беларусь прывезлі ЯЗ. Наадварот, усе кажуць, што ніякіх сведчанняў размяшчэння зброі там няма», - адзначыў эксперт.
Подзвіг думае, што ў Беларусі і не будзе ніякіх ядзерных боезарадаў.
«Сістэма разгортвання такога кшталту боезарадаў уладкованая так, што нават калі ў вас будзе абсталяванае належным чынам сховішча на тэрыторыі Беларусі і яго будуць ахоўваць расейскія вайскоўцы, то і гэта яшчэ не значыць, што там ёсць рэальныя боезарыды.
Рэальныя боезарыды, хутчэй за ўсё, будуць размешчаны на тэрыторыі так званага цэнтралізаванага сховішча. Бліжэйшае да Беларусі такое сховішча знаходзіцца ў Бранску», - лічыць Подзвіг.
Ён дадаў, што для размяшчэння ядзерных зарадаў патрэбны асаблівыя ўмовы: ахова, бункеры са сталёвымі дзвярамі, а таксама цэлая ваенная частка 12-га Галоўнага ўпраўлення Мінабароны Расіі, якая адказвае за ядзерную палітыку.
"Гэта даволі складаны аб'ект, і проста так прывесці боегалоўкі кудысьці і пакласці - так ніхто ніколі не рабіў, не робіць і не будзе рабіць", - лічыць Подзвіг.
Ён прызнаў, што на спадарожнікавых здымках былі бачныя падрыхтоўчыя працы на тэрыторыі Беларусі, але гэта ні пра што не гаворыць.
«Ёсць прэцэдэнты ў расейскай гісторыі, калі сховішча ёсць, яно працуе, там ёсць вайсковая частка і казармы, але боезарадаў там няма. У Калінінградзе, напрыклад, сховішча доўгі час стаяла пустым, а можа быць, яно і зараз пустое», - распавёў эксперт.