BE RU EN

Макрон патэлефанаваў заснавальніку «Грузінскай мары» Іванішвілі

  • 11.12.2024, 17:43

Дыялог працягваўся гадзіну.

Прэзідэнт Францыі Эмануэль Макрон у сераду патэлефанаваў заснавальніку і ганароваму старшыні кіроўнай у Грузіі партыі «Грузінская мара» Бідзіне Іванішвілі - на фоне масавых пратэстаў у Грузіі супраць пастановы ўладаў гэтай краіны прыпыніць перамовы аб уступленні ў Еўразвяз, а таксама вынікаў парламенцкіх выбараў, якія апазіцыя ўважае за сфальсіфікаваныя, паведамляе «Радыё Свабода».

Пра тэлефонную размову паведамілі як Елісейскі палац, так і «Грузінская мара». Мільярдэр Бідзіна Іванішвілі не займае ў Грузіі афіцыйных дзяржаўных пасад, аднак разглядаецца як ключавая фігура, якая вызначае палітыку кіроўнай партыі.

Як гаворыцца ў паведамленні Елісейскага палаца, Макрон патэлефанаваў Іванішвілі са сваёй ініцыятывы. Падчас размовы ён асудзіў гвалт з боку супрацоўнікаў праваахоўных органаў супраць мірных дэманстрантаў і журналістаў, а таксама затрыманне прадстаўнікоў апазіцыі і заклікаў вызваліць усіх несправядліва затрыманых асоб. Макрон таксама, як гаворыцца ў паведамленні, выказаў занепакоенасць у сувязі з адыходам Грузіі ад еўрапейскай траекторыі і заклікаў да «інклюзіўнага палітычнага дыялогу» з удзелам прадстаўнікоў усіх палітычных сіл і грамадзянскай супольнасці.

«Грузінская мара» паведаміла аб размове першай. Паводле яе прэс-рэлізу, дыялог працягваўся гадзіну, і бакі дамовіліся яго прадоўжыць у найбліжэйшыя дні. Іванішвілі пагадзіўся з тым, што неабходна прыкласці для гэтага супольныя намаганні.

Апошнія навіны