BE RU EN

Кіраўнік МЗС Брытаніі напісаў ліст Алесю Бяляцкаму

  • 11.12.2024, 20:22

Дэвід Лэмі таксама заклікаў рэжым Лукашэнкі вызваліць усіх палітвязняў.

Міністр замежных справаў Вялікай Брытаніі Дэвід Лэмі напісаў лісты падтрымкі тром актывістам. Такім чынам ён адзначыў Сусветны дзень правоў чалавека 10 снежня. Сярод адрасатаў брытанскага міністра – нобелеўскі лаўрэат, беларускі палітвязень Алесь Бяляцкі.

Тэкст ліста прыводзіць амбасада Вялікай Брытаніі ў Беларусі. У ім гаворыцца, што Вялікая Брытанія ўважліва сачыла за лёсам Бяляцкага і ягоных паплечнікаў-праваабаронцаў з часу іх арышту ў 2021 годзе.

«Вашыя шматгадовыя намаганні як заснавальніка менскага праваабарончага цэнтра “Вясна” для падтрымкі палітвязняў, дакументавання парушэнняў правоў чалавека і закліку да дэмакратыі адлюстроўваюць каштоўнасці Вялікай Брытаніі і надзеі для Беларусі. Прысуджэнне вам Нобелеўскай прэміі міру ў 2022 годзе сімвалізуе вашу адвагу і значнасць вашай працы», – піша кіраўнік брытанскай дыпламатыі.

Ад імя Вялікай Брытаніі Лэмі выказвае салідарнасць з Бяляцкім і іншымі беларусамі, якія сталі ахвярамі рэпрэсій. Ён заклікае рэжым Лукашэнкі вызваліць усіх палітвязняў, а Бяляцкаму зычыць моцы і вытрымкі.

Кіраўнік праваабарончага цэнтру «Вясна» Алесь Бяляцкі асуджаны за праваабарончую дзейнасць на 10 гадоў пазбаўлення волі.

Апошнія навіны