Старшыню Дзярждумы РФ Валодзіна прысудзілі да 15 гадоў турмы
- 12.12.2024, 15:49
Украінскія спецслужбы раскрылі падрабязнасці.
Старшыню Дзяржаўнай думы Федэральнага сходу краіны-агрэсаркі Расеі Вячаслава Валодзіна завочна прысудзілі да 15 гадоў пазбаўлення волі.
Пра гэта паведаміла прэс-служба СБУ ў чацвер, 12 снежня.
Са звестак следства, Валодзін з'яўляецца даверанай асобай расейскага дыктатара Уладзіміра Пуціна і прымаў непасрэдны ўдзел у падрыхтоўцы поўнамаштабнага ўварвання РФ ва Украіну.
15 лютага 2022 года расейскі чыноўнік паставіў на галасаванне ў сесійнай зале пастанову аб звароце да Пуціна з просьбай прызнаць “незалежнасць” часова акупаваных тэрыторый Данецкай і Луганскай абласцей.
Адначасова Валодзін публічна падтрымаў гэтую пастанову і забяспечыў патрэбную колькасць “галасоў” расейскіх дэпутатаў. Пазней ён арганізаваў ратыфікацыю так званай “Дамовы аб сяброўстве, супрацоўніцтве і ўзаемнай дапамозе” паміж Крамлём і “Л/ДНР”.
У далейшым Масква выкарыстоўвала “заканадаўчыя ініцыятывы” Валодзіна для пачатку поўнамаштабнай вайны супраць Украіны. Цяпер чыноўнік працягвае падтрымліваць расейскую агрэсію, пра што часта заяўляе падчас пасяджэнняў Дзярждумы Расеі і ў эфірах прапагандыстаў.
Падчас завочнага судовага пасяджэння ён быў прызнаны вінаватым паводле ч. 3 арт. 110 Крымінальнага кодэкса Украіны (замах на тэрытарыяльную цэласнасць і недатыкальнасць дзяржавы).
У СБУ патлумачылі, што асуджаны знаходзіцца на тэрыторыі краіны-агрэсаркі, таму пачатак тэрміну адбыцця пакарання вызначаны з дня яго фактычнага затрымання.