Сі Цзіньпін адмовіўся ехаць на інаўгурацыю Трампа
- 13.12.2024, 8:24
Мерапрыемства наведаюць амбасадар Кітая ў ЗША і ягоная жонка.
Учора стала вядома, што абраны прэзідэнт ЗША Дональд Трамп запрасіў кіраўніка КНР Сі Цзіньпіна на сваю інаўгурацыю 20 студзеня. Аднак кітайскі лідар не паедзе і не будзе прысутнічаць у якасці госця.
Пра гэта паведамляе CBS News.
Чакаецца, што мерапрыемства наведаюць пасол Кітая ў ЗША і ягоная жонка, як гэта бывае звычайна. Акрамя таго, са слоў крыніц CBS, да іх могуць далучыцца дадатковыя афіцыйныя асобы з Пекіна.
"Службовыя асобы інаўгурацыі прызначылі персанал, які будзе займацца дыпламатычным пратаколам на ўрачыстасцях", - дадало выданне.
Запрашэнне Сі, перададзенае па-за афіцыйнымі дыпламатычнымі каналамі, заспела знянацку і Пекін, і супольнікаў ЗША. Кітайскія чыноўнікі, якія звыклі да строгага пратакола і востра ўсведамляюць дынаміку сіл у стасунках паміж ЗША і Кітаем, засталіся ў здзіўленні наконт намераў Трампа. Запрашэнне паступіла і ў без таго напружаны перыяд паміж краінамі.
Некалькі заходніх дыпламатаў былі здзіўленыя пастановай запрасіць Сі, улічваючы розныя погляды на Кітай сярод чальцоў каманды Трампа. Са слоў чыноўнікаў, гэта можа стаць крыніцай напружанасці як унутры адміністрацыі, так і ў геапалітычных дачыненнях.