У Жлобіне за «распаўсюджванне экстрэмізму» будуць судзіць цэлае прадпрыемства
- 13.12.2024, 12:15
Юрыдычнай асобе паводле гэтага артыкула пагражае штраф 500 базавых адзінак.
Унікальны выпадак суда за "распаўсюджванне экстрэмізму" рыхтуецца ў Гомельскай вобласці, заўважыла "Гомельская Вясна".
На 19 снежня ў судзе Жлобінскага раёна запланаваны судовы працэс супраць прыватнага гандлёвага унітарнага прадпрыемства "Студыя мэблі Дом 5". Прадпрыемства абвінавачваюць паводле часткі 2 артыкула 19.11 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях (распаўсюджванне інфармацыйнай прадукцыі, уключанай у рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў, а таксама выраб, выданне, захоўванне або перавозка з мэтай распаўсюджвання такой інфармацыйнай прадукцыі). Весці працэс будзе "суддзя" Святлана Рубахава.
Звычайна паводле гэтага артыкула судзяць беларусаў за падпіскі на інтэрнэт-рэсурсы, якія рэжым Лукашэнкі абвясціў “экстрэмісцкімі”. Ім прысуджаюць штрафы ці арышты.
Юрыдычнай асобе паводле гэтага артыкула пагражае штраф ад 100 да 500 базавых адзінак (на сёння гэта 4000 - 20 000 рублёў) з канфіскацыяй прадмета ці прылады, праз якую адбывалася "распаўсюджванне экстрэмізму", або без канфіскацыі.