BE RU EN

13 снежня 1981 года было ўведзенае Ваеннае становішча ў Польшчы

  • Юрка Ляшчынскі
  • 13.12.2024, 16:25

Але ў канчатковым выніку яно не прадухіліла развалу камуністычнай сістэмы ў краіне.

Ваеннае становішча ў Польшчы (Stan wojenny w Polsce 1981—1983) — перыяд ваеннага кіравання ў Польшчы Польскай Народнай Рэспублікай якое ажыццяўлялася Ваеннай радай нацыянальнага выратавання(WRON) на чале з генералам Войцехам Ярузэльскім. Сілавое прыгнечанне апазіцыі, перш за ўсё прафсаюза «Салідарнасць», дазволіла часова стабілізаваць рэжым ПАПР (Польская аб’яднаная рабочая партыя (камуністычная).

Ваеннае становішча суправаджалася рэпрэсіямі, падчас якіх дзясяткі людзей загінулі і да 10 тысяч чалавек падвергліся пазбаўленню свабоды (у цэлым, аднак, маштаб рэпрэсій разглядаецца як адносна ўмераны). Паводле спіску Ракіты падчас Ваеннага становішча і пасля яго загінула каля 100 чалавек. Ключавую ролю ў прадухіленні эскалацыі канфлікту з абодвух бакоў адыграла Рыма-каталіцкая царква. У канчатковым выніку ваеннае становішча не вырашыла праблем, якія стаялі перад краінай, не спрыяла пераадоленню сацыяльна-палітычнага і эканамічнага крызісу і не прадухіліла развалу камуністычнай сістэмы ў Польшчы на мяжы 1989 года.

Прычыны

Ваеннае становішча было адказам партыйных уладаў на ўсенацыянальны рух «Салідарнасці». Гэта не толькі быў Незалежны Самастойны прафсаюз, гэта цэлы рух, які дамагаўся праўды, справядлівасці, роўнасці і …мабыць змены палітычнага ладу. «Салідарнасць» налічвала каля 10 мільёнаў членаў.

Да канца 1981 года палітычнае супрацьстаянне ў ПНР надзвычай абвастрылася на фоне паглыблення эканамічнага крызісу.

У крамах (гэта яшчэ ў час карнавалу «Салідарнасці» не хапала асноўных спажывецкіх і бытавых прадуктаў у свабоднай продажы. Даступным быў толькі воцат. Іншае па талонах. І то паводле адпаведных прынцыпаў, колькі рабочым, колькі інтэлігентам, скажам мясных прадуктаў.

Але і былі забаўныя сітуацыі. Для моладзі і дзяцей па талонах вызначаліся квоты шакалада- падобных (не натуральных шакаладаў) прадуктаў.

А дарослым ужо на спіртныя і папяросы.

Аднак моладзь, якой было 18 і больш гадоў, хаця яшчэ вучыліся ў сярэдніх школах, (у тым ліку і я) атрымлівала талончыкі на папяросы і спіртныя прадукты.

Не той час, не тая геапалітычная сітуацыя

Спробы дасягнення грамадскага кампрамісу, паміж кіраўніцтвам Салідарнасці, у тым ліку Лехам Валенсам і камуністычнай улады на чале з Войцехам Ярузэльскім не прынеслі вынікаў. Артадаксальна-кансерватыўнае крыло ў кіраўніцтве ПАРП патрабавала сілавога прыгнечання апазіцыйнага прафсаюза »Салідарнасць»

Радыкальныя актывісты «Салідарнасці» заклікалі да ўсеагульнай забастоўкі і мірнага грамадзянскага паўстання – так пішуць гісторыкі.

Прынцыповае рашэнне пра ўвядзенне прамога ваеннага кіравання выспела да пачатку восені 1981 года (такія дзеячы «партыйнага бетону», як генерал дзяржбяспекі Міраслаў Мілеўскі, сакратар ЦК па ідэалогіі Стэфан Альшэўскі (які, як не дзіўна, пасля 1990 года эміграваў у ЗША) і член палітбюро Уладзіслаў Кручак настойвалі на гэтым яшчэ ў лістападзе 1980).

Як гэта праходзіла ў тую памятную ноч з 12 на 13 снежня 1981 года

12 снежня ў 22:30 па варшаўскім часе па ўсёй Польшчы была адключана тэлефонная сувязь. Апоўначы 13 снежня на вуліцы польскіх гарадоў выступілі армейскія часці. Па тэлебачанні, але гэта ўжо была раніца 13, транслявалася выступленне генерала Ярузельскага: «Трэба звязаць рукі авантурыстам, да таго як яны сапхнуць Айчыну ў бездань братазабойчай вайны».

Польска-ярузэльская вайна

Кантраляваліся людзі ў цягніках, аўтобусах, нават мінакі на вуліцы, нават людзі ў чарзе ў краме.

Былы прыпыненыя заняткі ў школах і Вышэйшых установах, Газеты перасталі выходзіць і друкавацца, апрача «Trybuny Ludu»- органу ПАРП i „Żołnierza wolności”- органу Узброеных сіл Польшчы.

Радыё і тэлебачанне заглохла, таксама акрамя І-шых каналаў. ІІ, ІІІ ці IV праграмы радыё, але і Радыё Беласток (мясцовае як і ўсе 17 мясцовых вяшчанняў) таксама было вымушанае спыніць эфір. «Ніва» таксама не выходзіла.

Гаспадарка і наагул праца ва ўстановах, гандлі і гд перайшла на ваенныя рэйкі.

Усюды быў камісар, які кіраваў гэтымі ўстановамі.

Ці быў знешні фактар?

Пазней генерал Войцех Ярузэльскі сцвярджаў, што ўвядзенне ваеннага становішча было «найменшым злом», таму што ў адваротным выпадку краіне пагражаў уваход савецкіх і саюзных (Варшаўскага дагавора) войскаў. Настойлівала на ваенную інтэрвенцыю асабліва кіраўніцтва ГДА, а супраць было румынскае (на чале з недаацэненым тады і пазней Польшчай Ніколяе Чаўчэску).

Паслядоўнасці – ці інакш зіма ваша, вясна наша

Увядзенне Ваеннага становішча спыніла дэмакратычныя перамены ў Польшчы на прынамсі 8 гадоў.

Аднак трэба ўлічыць, што пару гадоў пазней, дэмакратычныя перамены і правал камунізму ў 1989 і 90 гадах стаў паўсюдны ў савецкім блоку.

Як кажуць, адна вырваная цэгла не разбурыла муру, але паскорыла яго разбурэнне.

Ваеннае становішча зламала мараль многіх людзей, але і многім дала сілу да жыцця і змагання ў шэрай безнадзеі штодзённасці. Заходні свет увядзенне Ваеннага становішчы ў Польшчы успрыняў адмоўна. ПНР і савецкі Саюз былі абнятыя санкцыямі доўгі час.

Эмігранцкі лёс

Пасля 13 снежня 1981 года лічачы да пачатку 1989 Польшчу пакінула, выехала на пастаяннае жыхарства каля мільёна грамадзян. Пакідаючы краіну людзі мелі магчымасць уладкавацца ў Заходніх краінах, атрымлівалі палітычныя прытулкі, нешта накшталт цяперашняй міжнароднай абароны, і многія засталіся на Захадзе. Нават, і тут цікавінка, тыя, спасярод грамадзян Польшчы, якія акурат 13 снежня пабывалі на Захадзе, перш за ўсё ў Заходнім Берліне, або Аўстрый (прасцей было атрымаць ВІЗУ), ужо тады на другі дзень атрымалі прапанову застацца там. Сам ведаю такіх людзей, якія пасля 13 снежня не вярнуліся. А гэта Алесь Палескі (Шаршуновіч) вядомы беларускі дзеяч 80-тых гадоў мінулага стагоддзя ў Канадзе. Алесь у 90-тыя вярнуўся на Падляшша, але, гэта ўжо не тое было Падляшша, на пачатку 2000 падаўся зноў на Захад, у Канаду, Нарвегію, дзе і дажыў да пенсіі. Або, далёка не шукаючы, мая стрыечная сястра Іраіда, якая сваё эмігранцкае падарожжа пачала 13.12.1981 у Берліне, і так праз Заходнюю Нямеччыну, Злучаныя Штаты, Ірландыю, пару гадоў таму … вярнулася ў Орлю. Пра час Ваеннага становішча напісаныя тысячы артыкулаў, сотні кніжак і знята дзясяткі мастацкіх фільмаў. У адным з такіх фільмаў двое дзяцей, якія схаваліся ў фуры, якую паромам перапраўлялі ў Данію, і такім чынам уцяклі з Польшчы. Потым неяк скантактаваліся з роднымі ў Польшчы, і, здаецца, з бацькам размаўляюць, які перасцерагае сыноў…. «не вяртайцеся сюды, ніколі».

Юрка Ляшчынскі, Беларускае Радыё Рацыя

Апошнія навіны