Над вайсковай базай ЗША ў Нямеччыне заўважылі невядомыя дроны
- 13.12.2024, 18:21
Аператараў беспілотнікаў знайсці не атрымалася.
У апошнія тыдні над вайсковай базай ЗША «Рамштайн», якая знаходзіцца ў Нямеччыне, праляталі неапазнаныя беспілотнікі. Таксама дроны заўважалі над аб'ектамі абароннага канцэрна Rheinmetall.
Пра гэта паведамляе РБК-Украіна са спасылкай на Spiegel.
Выданне са спасылкай на канфідэнцыйную справаздачу нямецкіх органаў бяспекі піша, што ў вечаровыя гадзіны 3 і 4 снежня над «Рамштайнам» было заўважана некалькі дронаў.
Пры гэтым журналісты ўдакладняюць, што нягледзячы на інтэнсіўныя пошукі, аператараў беспілотнікаў знайсці не атрымалася.
Spiegel піша, што ў апошнія тыдні беспілотнікі таксама былі заўважаныя над аб'ектамі абароннай кампаніі Rheinmetall і хімічнага гіганта BASF.
У адказ на запыт выдання ў войску ЗША пацвердзілі, што над «Рамштайнам» лёталі падазроныя беспілотнікі.
«У пачатку снежня ў гэтым раёне і над авіябазай «Рамштайн» было заўважана некалькі невялікіх беспілотных лётных апаратаў; яны не зрабілі ніякага ўплыву на жыхароў базы або на аб'екты, якія там знаходзяцца, і вайсковую тэхніку», – заявіла прадстаўніца вайсковай базы.