Польшча падчас старшынства ў ЕЗ будзе дабівацца ўзмацнення санкцый у дачыненні да рэжыму Лукашэнкі
- 13.12.2024, 20:26
Пра гэта заявіў кіраўнік МЗС Польшчы.
Польшча падчас свайго старшынства ў Еўрапейскім Звязе ў першай палове 2025 года будзе прытрымлівацца паслядоўнай палітыкі ў дачыненні да Беларусі і Расеі, у тым ліку дабівацца ўзмацнення санкцый і супрацьдзейнічаць іх абыходу. Пра гэта заявіў міністр замежных справаў Польшчы Радаслаў Сікорскі, прадстаўляючы прыярытэты польскага старшынства ў сферы знешняй палітыкі.
«Дэвізам нашага старшынства з'яўляецца бяспека Еўропы. З гэтай прычыны праца старшынства будзе засяроджаная на максімальнай падтрымцы Украіны, захаванні цяперашняй палітыкі ў дачыненні да Расеі і Беларусі, а таксама ўмацаванні бяспекі і ўстойлівасці Еўразвязу», – заявіў ён.
«Мэтай старшынства стане ўзмацненне санкцый Еўразвязу супраць агрэсараў Расеі і Беларусі і барацьба з іх абыходам», – дадаў міністр.
Сікорскі анансаваў правядзенне 25 лютага канферэнцыі, прысвечанай санкцыйнай палітыцы.
«Польскае старшынство будзе імкнуцца да таго, каб Расея сутыкнулася з наступствамі сваёй агрэсіі, як юрыдычнымі, так і фінансавымі. Будзем імкнуцца заручыцца падтрымкай дзяржаў-чальцоў для поўнага выкарыстання замарожаных актываў Цэнтральнага банка Расеі для падтрымкі Украіны», – сказаў ён.
Паводле словаў польскага міністра, Польшча таксама будзе дамагацца, каб Еўразвяз не вяртаўся да супрацоўніцтва з РФ і Беларуссю да заканчэння агрэсіі.