Ціктокеры з'язджаюць з Румыніі на фоне праверкі іх ролі ў прэзідэнцкіх выбарах
- 13.12.2024, 21:44
Распачатае расследаванне.
Румынскія TikTok-інфлюенсеры, якія дапамаглі раскруціць антызаходняга кандыдата ў прэзідэнты Румыніі Келіна Джарджэску, выехалі з краіны на фоне праверак з боку падатковых органаў.
Пра гэта паведамляе Politico.
Падатковыя органы Румыніі пачалі расследаванне паводле звароту выбарчай камісіі, якая папрасіла старанна вывучыць фінансавыя аперацыі, звязаныя з выбарчай кампаніяй Джарджэску.
Інфлюенсеры TikTok, частка з якіх мае сувязі з арганізаванай злачыннасцю, паведамілі, што яны пакінулі Румынію ўсяго за некалькі дзён да пачатку ператрусаў.
Яны публікавалі выявы сухапутнай мяжы або самалётаў, суправаджаючы іх подпісамі накшталт «бывай» і «сумую па табе».
У рамках расследаванняў інфлюенсераў абвінавачваюць у атрыманні значных плацяжоў за прасоўванне кантэнту на карысць Джарджэску – які афіцыйна задэклараваў нулявыя выдаткі на сваю кампанію.
Адной з ключавых фігураў пад следствам з'яўляецца Багдан Пешчыр, які, як сцвярджаецца, выплаціў румынскім ціктокерам 1 мільён еўраў.
На мінулым тыдні ўлады правялі ператрусы на трох адрасах, звязаных з Пешчырам, канфіскаваўшы ў межах расследавання 7 мільёнаў даляраў у крыптавалюце.
Некаторыя інфлюенсеры ўжо дыстанцыяваліся ад кампаніі Келіна Джарджэску, калі яго антызаходнія і вельмі правыя погляды сталі больш вядомымі. Некаторыя таксама прызналі, што публікавалі кантэнт пра Джарджэску за аплату, але нібыта не ведалі, што ён быў кандыдатам у прэзідэнты Румыніі.
Нагадаем, 6 снежня Канстытуцыйны суд Румыніі ануляваў вынікі першага туру галасавання і пастанавіў, што ўвесь выбарчы працэс мусіць пачацца нанова.
Нагодай сталі дакументы, рассакрэчаныя Найвышэйшай радай нацыянальнай абароны, паводле якіх кампанія прарасейскага кандыдата Джарджэску была вынікам арганізаванай маніпуляцыі з-за мяжы.