Некалькі краінаў могуць абваліць нафтавую галіну Расеі
- 14.12.2024, 22:48
У гэтым зацікаўлены не толькі абраны прэзідэнт ЗША Дональд Трамп.
Не толькі абраны прэзідэнт ЗША Дональд Трамп можа абваліць кошты нафты. Ёсць шэраг краінаў у Лацінскай Амерыцы і на Сярэднім Усходзе, зацікаўленых у гэтым.
Таксама ЕЗ плануе ўвесці новыя абмежаванні ў дачыненні да «ценевага флоту» Расеі. Верагодна, яны будуць датычыць пазбаўлення доступу да партоў. Падрабязней «24 Каналу» расказаў доктар эканамічных навук Ігар Ліпсіц.
Еўразвяз плануе зацвердзіць 15-ы пакет санкцый супраць Расеі праз вайну ва Украіне. Абмежаванні, сярод іншага, будуць тычыцца «ценевага флоту». Як выказаў меркаванне Ліпсіц, ЕЗ паспрабуе забараніць расейскім караблям заходзіць у еўрапейскія краіны.
Напрыклад, у Вялікай Брытаніі разглядаюць варыянт, каб не прапускаць варожыя танкеры, якія перавозяць нафту, праз праліў Ла-Манш, а прымусіць іх абыходзіць праз Атлантыку.
«Думаю, што амерыканцы паспрабуюць забараніць шматлікім краінам проста ўпускаць гэтыя караблі. Яны стануць ізгоямі. Будзе складана, напрыклад, дабірацца з Балтыкі ў Індыю абходнымі шляхамі. Калі не пускаюць у парты, гэта вельмі цяжка і ўвогуле амаль немагчыма плаваць»,
– растлумачыў Ліпсіц.
Толькі татальныя санкцыі могуць паўплываць на Расею, але Еўропа і ЗША пакуль не змаглі гэтага дасягнуць. Краіна-агрэсарка блакуе ўсе іх намаганні праз ААН. Пакуль расейцаў не выгналі з арганізацыі і Рады бяспекі, не атрымаецца стварыць добрую сістэму дзейсных санкцый.
Таксама абваліць нафтавую галіну Расеі можна праз павелічэнне колькасці прапановаў на міжнародным рынку. Сярод іншага, абраны амерыканскі прэзідэнт Дональд Трамп абяцаў павялічыць здабычу нафты ў ЗША.
Акрамя таго, Канада, Бразілія, Гаяна і Саудаўская Аравія плануюць нарасціць пастаўкі. Таксама Штаты могуць дазволіць Венесуэле экспартаваць нафту.