BE RU EN

«Адбылася вялікая бяда»

  • 14.12.2024, 15:27

Уладальнік віцебскага ГЦ, які гарэў, расказаў, што з аб'ектам будзе далей.

Уладальнік ГЦ «Беларусь» Віктар Велюга расказаў журналістам пра лёс арандатараў пасля пажару ў гандлёвым цэнтры. Ягоныя словы прыводзіць БелТА.

«Адбылася вялікая бяда, адбылося загаранне, прычыну будзе вызначаць ужо следства. Усе арандатары павінны супакоіцца, мы зробім усё неабходнае, каб людзі не засталіся без магчымасці працаваць. Камусьці будуць дадзеныя ў найбліжэйшы час месцы ў іншых гандлёвых цэнтрах», – сказаў Віктар Велюга.

Паводле ягоных словаў, у ГЦ будзе праводзіцца рамонт. «Пасля рамонту, зразумела, усе змогуць вярнуцца на свае працоўныя месцы, – адзначыў Віктар Велюга. – Датычна матэрыяльных каштоўнасцяў мы нейкім чынам будзем вызначаць, каб пайсці насустрач і або зрабіць вылучэнне без арэнды памяшканняў, або кампенсаваць. Але гэта трэба ўсё глядзець».

Віктар Вілюга – заснавальнік і дырэктар ПГУП «МегаЕўратэкс», у актывы якога ўваходзіць ГЦ «Беларусь». Гэта буйны віцебскі дэвелапер, на мапе аб'ектаў якога значацца таксама ТРЦ «Мега», ГЦ «Пасаж», ГЦ «Амега», а таксама некалькі офісных і бізнэс-цэнтраў. У 2019 годзе Віктар Вілюга ўваходзіў у спіс 200 найбагацейшых людзей Беларусі.

13 снежня на першым паверсе гандлёвага цэнтра «Беларусь» у Віцебску 13 снежня разгарэўся пажар. Першапачаткова паведамлялася пра трох пацярпелых, пазней іх колькасць вырасла да 15. У выратавальных працах была задзейнічаная 21 адзінка тэхнікі і 90 чалавек. Плошча пажару склала 2000 квадратных метраў.

Распачатая крымінальная справа паводле ч.2 арт. 304 КК (Парушэнне патрабаванняў пажарнай бяспекі, якое вынікавала праз неасцярожнасць прычыненне стратаў у буйным памеры). Санкцыя артыкула прадугледжвае выпраўленчыя працы, арышт, абмежаванне волі ці да трох гадоў калоніі.

Апошнія навіны