Грузавы самалёт вылецеў з расейскай базы ў Сірыі ў Лівію
- 14.12.2024, 15:58
Застаецца невядомым, куды ён пасля накіраваўся.
Расейскі грузавы самалёт вылецеў раніцай у суботу з авіябазы Хмеймім у Сірыі ў кірунку Лівіі. Пра гэта паведамляе агенцтва Reuters са спасылкай на сірыйскага чыноўніка, які адсочвае тое, што адбываецца на базе.
Паводле ягоных звестак, у найбліжэйшыя дні чакаецца вылет з базы яшчэ некалькіх транспартных самалётаў. Раніцай у суботу на базе, сярод іншага, знаходзіўся грузавы самалёт Іл-76, а таксама гелікаптэры, якія, як паведамляецца, прыляцелі туды з іншых рэгіёнаў Сірыі, дзе расейскія вайскоўцы пакідаюць свае пазіцыі.
Як высветліла «Радыё Свабода» на падставе спадарожнікавых здымкаў, расейскі Іл-76 раней на гэтым тыдні, 10 снежня, прызямліўся ў Лівіі на авіябазе Аль-Джуфра. Няма звестак, адкуль прыляцеў гэты самалёт і куды ён пасля накіраваўся.