У Бразіліі былы міністр абароны рыхтаваў дзяржаўны пераварот
- 14.12.2024, 20:24
У ягонай рэзідэнцыі прайшлі ператрусы.
У Бразіліі арыштаваны былы міністр абароны Вальтэр Брагу Нэта паводле падазрэння ў падрыхтоўцы дзяржаўнага перавароту. Пра гэта паведамляе агенцтва Reuters.
Федэральная паліцыя затрымала генерала ў адстаўцы пасля таго, як яго абвінавацілі ў арганізацыі дзеянняў, накіраваных на скасаванне вынікаў выбараў 2022 года. Нэта даўней займаў пасаду кіраўніка апарата ў экс-прэзідэнта Жаіра Балсанару і быў ягоным напарнікам у няўдалым пераабранні ў 2022 годзе.
Паводле заявы Нэта, ён цалкам адмаўляе сваё дачыненне да планаў перавароту. У рамках расследавання праваахоўнікі таксама правялі ператрусы ў ягонай рэзідэнцыі ў Рыа-дэ-Жанэйра і ў сталіцы Бразіліі ў доме палкоўніка ў адстаўцы Флавіё Батэлье Перагрына. Вядома, што Нэта будзе ўтрымлівацца пад вартай у Рыа.
Варта адзначыць, што яшчэ ў лістападзе федэральная паліцыя выставіла абвінавачанні Брагу Нэту, а таксама Балсанару ды іншым сябрам урада, у тым ліку былым вайсковым камандзірам, у планаванні перавароту з мэтай не дапусціць прэзідэнта Луіса Ігнасію Лулу да Сільву заняць пасаду пасля ягонай перамогі на выбарах 2022 года.