BE RU EN

У РФ паказалі кадры падрыву ў Данецку начальніка катавальнай калоніі «Аленаўка»

  • 15.12.2024, 12:48

Калабарант памёр на месцы, у Toyota Land Cruiser.

У Расеі заявілі аб затрыманні нібыта віноўніка падрыву ў Данецку аўтамабіля былога начальніка Аленаўскай калоніі Сяргея Еўсюкова. Таксама расейскія СМІ паказалі момант выбуху, у выніку якога калабарант памёр, а ягонай жонцы-«паліцыянтцы» адарвала нагу, піша «Обозреватель».

На кадрах прадэманстравана, як невядомы мужчына з пакетам, на сцвярджэнні расейскага следства, «нешта падкладае» пад белы Toyota Land Cruiser. Далей у сваім сюжэце прапагандысты знялі затрыманне напаўголага жыхара, якому прыпісваюць «тэракт».

Нагадаем, што аўтамабіль з Еўсюковым узарваўся 9 снежня ў цэнтры часова акупаванага горада, дзе быў прыпаркаваны на вуліцы Універсітэцкай. Экс-начальнік «Аленаўкі» памёр на месцы, а яго жонка-супрацоўніца мясцовага акупацыйнага «МНС» трапіла ў шпіталь.

Да канца тыдня, 15 снежня, расейскія прапагандысты са спасылкай на ФСБ паведамілі, што ў падрыве аўто вінаваты жыхар Данецка. Таксама паказалі на відэа, як сілавікі выцягваюць з кватэры напаўаголенага «зламысніка».

На наступных кадрах яны ўжо апранулі яго ў зялёную футболку і пасадзілі на канапу, за якой дэманстратыўна паставілі дзіцячы скейтборд з сімволікай ЗША і Украіны. На камеру расейцам невядомы кажа, што ён «устанавіў кантакт з украінскімі спецслужбамі і падарваў чалавека ў Данецку».

Следчы камітэт РФ заявіў, што яму абяцалі заплаціць $10 тысяч. У РФ пакуль не пацвердзілі, што загінуў у Данецку менавіта калабарант Сяргей Еўсюкоў.

Гэты здраднік Украіны з 2014 года быў прызначаны акупантамі начальнікам так званай Валнаваскай калоніі «ДНР» у пасёлку Аленаўцы на Данеччыне, дзе вораг утрымліваў захопленых абаронцаў Украіны. Еўсюкоў арганізаваў катаванні больш чым 100 палонных байцоў УСУ. А 29 ліпеня 2022 года расейскія войскі ўчынілі там тэракт, у выніку якога загінулі не менш як 53 украінскія ваеннапалонныя, у тым ліку байцы палка «Азоў».

Ва Украіне супраць Сяргея Еўсюкова была распачатая крымінальная справа, за звесткі пра яго месцазнаходжанне абвясцілі ўзнагароду $21,5 тысячы.

Апошнія навіны