У расейскай Чыце адкрылі драўляны туалет, якога мясцовыя чакалі два гады
- 15.12.2024, 15:19
Але карыстацца ім забаранілі.
У Чыце адкрылі вулічную прыбіральню, якую жыхары найбліжэйшых дамоў чакалі амаль два гады. Гэты туалет размешчаны побач з баракамі, піша «Чита. Ру». Але новую прыбіральню чамусьці закрылі, людзі зноў выносяць бруд у вёдрах.
«Вулічнага туалета ў людзей няма ўжо амаль два гады. Стары знеслі ў пачатку 2023 года пасля візіту намесніка міністра будаўніцтва і ЖКГ Расеі Аляксея Ярэські. Цэлы год нічога не мянялася. «Народны фронт» запатрабаваў арганізаваць людзям камфортныя ўмовы, улады абяцалі ўсталяваць прыбіральню ў красавіку. Але зрабілі гэта толькі зараз! Магчыма, на праектаванне такога капітальнага збудавання спатрэбіўся час. Але ўжо ўсталяваны туалет забіты, у яго не патрапіць. Жыхары баракаў працягваюць выносіць вёдры, быццам жывуць у глухім сярэднявеччы», - паведамляецца ў суполцы «Народнага фронту».
Туалет пакуль закрыты да «прыёмкі прац».
«Прыёмка будзе ў снежні, дату паведамім пазней», – заявілі ў прэс-службе горада.