Рэжым Асада пачаў вывозіць грошы ў РФ яшчэ ў 2018 годзе
- 15.12.2024, 21:19
Наяўныя вывозілі самалётамі.
Брытанская газета Financial Times паведамляе, што ў 2018 і 2019 гадах улады Сірыі адправілі ў Расею амаль 250 млн даляраў гатоўкай, хаця дагэтуль сірыйскія золатавалютныя рэзервы былі практычна вычарпаныя.
Аўтары публікацыі выявілі сведчанні, што самалёты з банкнотамі наміналам 100 даляраў і 500 еўраў агульнай вагой амаль дзве тоны прызямляліся ў маскоўскім аэрапорце Унукава.
У агульнай складанасці ў Маскву з сакавіка 2018 года да верасня 2019 года быў здзейснены 21 рэйс з гатоўкай з Сірыі, паведамляе выданне са спасылкай на базы звестак.
Чалавек, знаёмы з працай сірыйскага цэнтрабанка, паведаміў FT, што да 2018 года валютныя рэзервы краіны "былі практычна на нулі", аднак у сувязі з санкцыямі Сірыі даводзілася плаціць Расеі гатоўкай.
Між іншым, паводле звестак суразмоўцы выдання, Дамаск купляў расейскую пшаніцу, друкаваў на фабрыках Дзяржзнака сірыйскія грошы і аплачваў некаторыя абаронныя паслугі.
Расейскія базы звестак паказваюць, што як да перавозкі гатоўкі, так і пасля яе Расея рэгулярна экспартавала ў Сірыю розныя тавары і надавала ёй паслугі. У тым ліку друкавала купюры і адпраўляла сірыйскаму Міністэрству абароны розныя вайсковыя грузы.
Паводле звестак, на якія спасылаецца FT, сірыйскія наяўныя былі ў асноўным адпраўленыя банку "Расейская фінансавая карпарацыя" (РФК), які знаходзіцца пад кантролем дзяржаўнай кампаніі "Расабаронэкспарт", якая займаецца экспартам узбраенняў.
Аўтары публікацыі таксама нагадваюць, што яшчэ ў 2019 годзе FT расказвала пра тое, як сваякі прэзідэнта Сірыі Башара Асада купілі ў Маскве прынамсі 20 кватэр люкс-класа.
Асад атрымаў прытулак у Расеі пасля таго, як узброеныя паўстанцы ўвайшлі ў Дамаск і захапілі ўладу ў краіне.