Менск стаіць у васьмібальных заторах
- 16.12.2024, 10:36
Завея заспела камунальнікаў знянацку.
Раніцай у панядзелак, 16 снежня, Менск стаў у 8-бальных заторах з-за моцнага снегападу, які пачаўся ў сталіцы яшчэ напярэдадні вечарам. "Мінсктранс" папярэдзіў, што ў існых варунках надвор'я грамадскі транспарт можа ісці з адхіленнем ад графіка на паўгадзіны, піша telegraf.news.
Паводле сэрвісу «Яндэкс Пробкі», у ранішнюю гадзіну-пік у сталіцы аўтамабільныя заторы сёння на працягу некалькіх гадзін трымаліся ў раёне 8 балаў, якія пачалі паступова змяншацца толькі пасля 9:00.
Паводле звестак «Мінсктранса», за раніцу зафіксавалі некалькі выпадкаў пашкоджання кантактнай сеткі, а пагоршылі сітуацыю дробныя ДТЗ, без якіх, мяркуючы са звестак тэматычных сэрвісаў і афіцыйнай інфармацыі сталічнай ДАІ, таксама не абышлося раніцай.
У выніку, праз вялікую колькасць транспарту з прычыны неспрыяльных умоў надвор'я раніцай грамадскі транспарт у Менску ідзе з адставаннем ад графіка да 30 хвілін, паведамілі ў «Мінсктрансе».