«Акцыі пратэсту ў Грузіі праводзяць цэлыя сектары эканомікі»
- 16.12.2024, 17:22
Пратэст абсалютна самаарганізаваны.
У Грузіі ўстанавілася «стратэгічная раўнавага»: уладзе бракуе сіл на тое, каб задушыць пратэст, але і ў пратэстоўцаў «таксама пакуль няма асаблівых механізмаў для таго, каб знесці гэтую ўладу». Пра гэта сёння, 16 снежня, у эфіры тэлеканала FREEДОМ расказаў журналіст выдання «Рэха Каўказа» Тэнгіз Аблоція.
Ён тлумачыць, што ўладзе для таго, каб задушыць пратэсты, ужо недастаткова проста разганяць мітынгі. Пратэсты набылі масавы характар.
«Мітынгі, акцыі праводзяць цэлыя сектары эканомікі. Дапусцім, мітынг Іт-спецыялістаў. Часам да смешнага даходзіць. У суботу быў вялізны мітынг, які арганізавалі супрацоўнікі піяр-службы і HR-спецыялісты… Ці, дапусцім, мітынг альпіністаў. Каб усё гэта заткнуць, на гэта ва ўлады сілаў не выстарчыць, бо гэты пратэст – неарганізаваны. Там няма ніякіх лідараў. Кагосьці яны арыштоўваюць, ловяць нейкіх маладых хлопцаў, увесь час іх дапытваюць: хто вамі кіруе, хто гэта ўсё арганізоўвае? Няма нікога. Гэта абсалютна самаарганізаваны пратэст», - кажа Аблоція.
Разам з тым ён падкрэслівае, што ў кіроўнай «Грузінскай мары» ёсць вялікі сілавы рэсурс.
«Калі пералічыць на душу насельніцтва, то ён у разы большы, чым было ў Януковіча на Майдане - гэта паліцэйская сіла. Гэта прыкладна столькі, колькі было на Майдане ў 47-мільённай Украіне», - параўнаў госць эфіру.
Пакуль пераламаць сітуацыю на сваю карысць пратэстоўцы не могуць, канстатуе ён.
«І вось атрымліваецца такая сітуацыя: яны не могуць, і мы не можам. Гэта нейкая раўнавага, якая ўвесь час суправаджаецца арыштамі, нейкімі інцыдэнтамі, нейкімі асобнымі прыгодамі. І пры гэтым паралельна гэтыя акцыі пратэсту працягваюцца», — расказаў Тэнгіз Аблоція.