Моцны вецер абрынуўся на Беларусь
- 16.12.2024, 19:43
Энэргетыкі і ратавальнікі расказалі пра наступствы.
На Беларусь 16 снежня абрынуўся моцны вецер, парывы дасягалі 26 метраў за секунду, цяпер экстранныя службы ліквідуюць наступствы, паведамілі ў МНС.
«Зафіксаваныя 27 выпадкаў падзення дрэў у Берасцейскай (7), Гарадзенскай (17), Менскай (1) абласцях і Менску (2), пашкоджаныя дахі 11 жылых дамоў. У вёсцы Ваўчках Слонімскага раёна разбураны сельскагаспадарчы будынак кароўніка. Адбылося падзенне чатырох навагодніх ялінак: тры выпадкі ў Гародні і адзін у Заслаўі Менскай вобласці», — распавялі ратавальнікі.
Пацярпелых няма. Вядуцца аднаўленчыя работы. Работнікі МНС і іншых арганізацый цяпер прыбіраюць паваленыя дрэвы, паведамляе «Зеркало».
Тым часам прадпрыемства «Брэстэнэрга» паведаміла ў сваім тэлеграм-канале аб увядзенні асаблівага рэжыму працы ў берасцейскіх і пінскіх электрасетках у сувязі са складанымі варункамі надвор'я. У некаторых жыхароў знікла святло.
«Паводле звестак на 16.00 часовыя перабоі з электразабеспячэннем назіраюцца ў 42 населеных пунктах Берасцейскай вобласці. Падзенне дрэў у лясных масівах прыводзіць да абрыву правадоў і пашкоджання апор», — удакладнілі энэргетыкі.
У гэты момант працуюць 97 брыгад, 340 чалавек накіраваныя на аднаўленне ліній электраперадачы, задзейнічана 75 адзінак спецтэхнікі.
Энэргетыкі працуюць у асаблівым рэжыме, каб аднавіць падачу святла ва ўсіх населеных пунктах.
Паводле звестак Мінэнэрга, электразабеспячэнне парушалася пераважна ў Берасцейскай і Гарадзенскай абласцях. У большай ступені непагадзь закранула Пінскі, Жабінкаўскі, Гарадзенскі і Ваўкавыскі раёны.
«На 18.00 16 снежня работы працягваюцца ў 72 населеных пунктах. Энэргетыкі працуюць ва ўзмоцненым рэжыме і працягваюць маніторынг сітуацыі», - гаворыцца ў паведамленні.
Таксама ў Мінэнэрга нагадалі, што пашкоджаныя электрасеткі, у першую чаргу абарваныя правады, уяўляюць смяротную пагрозу, набліжацца да іх забаронена. Пры выяўленні такіх правадоў трэба неадкладна паведаміць на кароткі нумар аварыйных службаў - 115 і 144.