Нямецкі еўрадэпутат праехаў на ровары 600 км для збору ў падтрымку Украіны
- 16.12.2024, 20:07
Ён праехаў ад мястэчка ў Саксоніі да Страсбурга.
Нямецкі дэпутат Еўрапарламента Енс Гізэке зладзіў пяцідзённы велатур для збору сродкаў у падтрымку Украіны і пераадолеў 600 км ад мястэчка ў Саксоніі да Страсбурга.
Пра гэта паведамляе «Еўрапейская праўда».
На мінулым тыдні Гізэке, які ўваходзіць у Еўрапейскую народную партыю, анансаваў свой велазаезд у падтрымку Украіны ад свайго роднага мястэчка Зэгель у Саксоніі да Страсбурга, запланаваўшы праехаць гэтую адлегласць за пяць дзён – з 12 снежня да 16 снежня.
Гізэке стварыў на сваім сайце асобную старонку пра акцыю, дзе размясціў рахункі для ахвяраванняў. Ён плануе выдаткаваць сабраныя сродкі на гуманітарную дапамогу для самых бедных сем'яў ва Украіне праз гуманітарную арганізацыю Helping Hands – у выглядзе цёплага адзення, сродкаў абагравання і іншага, што спатрэбіцца цягам зімы.
«Вайна ва Украіне доўжыцца больш за 1000 дзён і прадаўжае выклікаць вялікія пакуты... ЕЗ прадаўжае дэманстраваць салідарнасць. Мы цвёрда стаім на баку ўкраінскага народа», – напісаў дэпутат.
У панядзелак прэзідэнтка Еўрапарламента Раберта Метсала павіншавала яго з паспяховым заканчэннем заезду.
Еўрадэпутат пісаў, што за папярэдні заезд сабраў 75 тысячаў еўраў і на гэты раз ставіць мэту 100 тысячаў еўраў. Ён яшчэ не паведаміў пра фінальны вынік збору.
Гэта ўжо трэцяя такая акцыя Гізэке. У папярэднія разы ён паехаў ад Зэгеля да Брусэля, другі раз – ад Брусэля да Страсбурга.