BE RU EN

У Расеі пачаліся масавыя скарачэнні айцішнікаў

  • 16.12.2024, 20:25

Нягледзячы на жорсткі дэфіцыт кадраў.

Гэты год для расейскага ІТ-рынку заканчваецца звальненнямі. Бізнэс пачынае скарачаць каманды айцішнікаў, нягледзячы на жорсткі дэфіцыт кадраў, піша The Bell. Звальненні адбываюцца ў ІТ-падраздзяленнях буйных кампаній – у VK, МТС і «Ашчадзе». Апошні пачаў зніжаць выдаткі, плануе адмаўляцца ад супрацоўніцтва з распрацоўнікамі ІТ-прадуктаў на аўтсорсе, расказалі двое суразмоўцаў на рынку і пацвердзіў адзін са звольненых.

Скарачэнне выдаткаў і стратаў – галоўная матывацыя. Прыбытак МТС за кошт фінтэху і рэкламы ў трэцім квартале вырас на 15% (да 180 млрд рублёў), але чысты прыбытак упаў у дзевяць разоў, да 1 млрд рублёў. VK скарачала супрацоўнікаў сотнямі і закрывае цэлыя праекты, каб справіцца з вялікімі стратамі. Пасля пачатку вайны кампанія зрабіла стаўку на канкурэнцыю з YouTube і з таго часу актыўна інвеставала мільярды ў прывабліванне блогераў і зорак. У 2024-м чыстая страта павялічылася ўдвая праз рост выдаткаў, да 24,6 млрд.

Паводле словаў заснавальніка і былога кіраўніка кампаніі «МойОфіс» Дзмітрыя Камісарава, з ягонай кампаніі-забойцы Microsoft Office была звольненая ўся каманда топ-мэнэджараў, уключаючы ключавых айцішнікаў. Гэта адбылося пасля змены ўласніка, чыстая страта за два складзе блізу 10 млрд рублёў.

«Эканоміка ў ж***. Нібыта айцішнікі ўсім вельмі патрэбныя былі, дэфіцыт кадраў, усе справы. Але грошай на развіццё ў рынку няма, маркетынгавыя інструменты ляснулі. Хоць патрэбныя і маркетолагі, і айцішнікі, але грошай няма. Але ўсё гэта хаваюць», – тлумачыць суразмоўца The Bell на рынку.

Кампаніі трымаюць скарачэнні ў таямніцы або адмаўляюць іх, расказваюць апытаныя спецыялісты ў ІТ-рэкрутменце. Скарачэнні сталі звыклым фонам, пацвярджае хэдхантар: «Да нас прыходзяць цэлыя каманды». «У паблік такое ніхто выносіць не гатовы. Кажуць: "Ну так, звольнілі, ну так, увесь аддзел, ну так, увесь праект, але гэта не скарачэнні, што вы"», – кажа адзін з хэдхантараў. Паводле ягоных словаў, скарачэнні ідуць увесь год, але апошнія месяцы года больш актыўна.

Пра скарачэнні кажуць і суразмоўцы галіновага тэлеграм-канала «Нялічбавая эканоміка». «Усе думаюць пра скарачэнні айцішнікаў, у тым ліку нас: вельмі дарагія супрацоўнікі ва ўмовах дарагіх грошай». Кампаніі імкнуцца ўвайсці ў 2025 год «з аблегчанымі [заробкавымі] ведамасцямі», – пацвердзіў суразмоўца канала.

Апошнія навіны